Скандалы

Арыштавалі былога памочніка Міхаіла Мясніковіча

44‑гадовы Дзяніс Тумаш узначальваў кампанію «Белнафтахім-Рос». Яго схапілі адразу пасля вяртання з адпачынку на Сейшэлах і кінулі ў СІЗА КДБ, піша Ніва Ніва.

Дзяніс Тумаш і Міхаіл Мясніковіч. Фота: belchemoil.by

«Нашай Ніве» стала вядома пра вялікую крымінальную справу вакол «Белнафтахіма», якая закруцілася яшчэ ў канцы 2024 года. Як часцяком адбываецца ў падобных сітуацыях, пра маштабнае расследаванне нічога не паведамлялася ў дзяржаўных СМІ. Няма і дакладнай інфармацыі пра тое, колькі фігурантаў дойдзе да суда і на якім этапе знаходзіцца працэс.

Адзін з цэнтральных фігурантаў — кіраўнік «Белнафтахім-Рос» Дзяніс Тумаш. Гэта кампанія займаецца продажамі прадукцыі «Белнафтахіма» на расійскі рынак. Яе заснавальнік — дзяржаўны Беларускі нафтавы гандлёвы дом.

Дзяніс Тумаш нарадзіўся ў 1982 годзе. Скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Ён трапіў на працу ў Акадэмію навук у той час, калі яе ўзначальваў Міхаіл Мясніковіч. Малады спецыяліст адказваў там за маркетынг, і, відаць, чымсьці спадабаўся начальніку. У 2010 годзе Мясніковіча прызначылі прэм’ер-міністрам, і Тумаш неўзабаве трапіў у апарат Савета міністраў.

У базах Belpol няма пазнакі пра яго пасаду ва ўрадзе, але суседзям па камеры СІЗА КДБ менеджар прадстаўляўся былым памочнікам Мясніковіча.

Кампанію «Белнафтахім-Рос» Тумаш узначаліў у верасні 2014 года. Адпаведна, сям’і давялося перабірацца ў Расію.

Паводле расійскіх баз, кіраваў «Белнафтахім-Рос» да верасня 2024 года. Прыкладна тады яго арыштавалі за атрыманне хабару і адправілі ў СІЗА КДБ.

Суседзям па камеры Тумаш расказваў, што нейкі час жыў у Маямі, але потым адмовіўся ад амерыканскага дазволу на жыхарства. Арыштавалі ж яго на наступны дзень пасля вяртання з адпачынку на Сейшэльскіх астравах.

Жонка топ-менеджара працуе ў структурах ЕўрАзЭС. Алісу Тумаш можна заўважыць на шматлікіх цырыманіяльных здымках з мерапрыемстваў арганізацыі.

Сярод іншых арыштаваных па справе «Белнафтахіма» называюць імя Дзмітрыя Хвайніцкага. Ён узначальваў упраўленне ацэнкі рызыкаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)