«Бабуля сказала: «Як вы яго не скінеце ў гэтую ноч, то потым за 5 гадоў ён усіх вас знішчыць». Яна праўду казала...»

Будаўнік Роберт Крыніцкі з Гародні распавёў «Салідарнасці», чаму хацеў сустрэцца з Джо Байдэнам, пра гонар за беларусаў ды спагаду еўрапейцаў.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

Крыніцкі ходзіць на акцыі салідарнасці з вольнай Беларуссю, атрымаў польскае грамадзянства па бабулі, змяніў імя ды прозвішча, каб пазбавіцца шнараў беларускага дзяцінства. Зарабляе на будоўлі ды вандруе па свеце.

Роберт кажа, што ён звычайны тынкоўшчык-абліцоўшчык. Ніякая не вялікая асоба, чалавек просты. У 2020-м укладаў плітку ў самым вялікім будынку на Варшаве Цэнтральнай. Прыехаў на пабыўку ў Беларусь ды вырашыў перачакаць пандэмію. А там выбары.

— Да нас у Гародню ў той час прыязджалі Святлана Ціханоўская з Марыяй Калеснікавай. Сустрэліся з імі выпадкова. Пайшлі з прыяцелем ў рэстаран піва папіць. А там сядзіць поўны штаб ды спявае «Разбуры муры».

Мне так спадабалася, адразу настрой падняўся: «Ого, якая сустрэча!» Марыя танцавала, я падышоў, папрасіў сфатаграфавацца, паразмаўлялі трохі. Паабяцаў, што буду змагацца да канца.

А потым пабачыў, што Святлана ідзе, то і запытаў: «Можна з вамі зрабіць фота? Я буду назіральнікам на 125-м выбарчым участку». Яна ўсміхнулася ды кажа свайму ахоўніку: «Ну так, яму можна».

«На той месячны заробак, а працаваць трэба было цяжка, я мог набыць сабе майку, штаны і раз на месяц пайсці на дыскатэку» 

— Ну а 9 жніўня я быў назіральнікам, пакутаваў уначы з паліцыяй. Ды хутка зразумеў, што трэба з’язджаць. Напісаў завяшчанне, бо ў мяне там дачка засталася ад першага шлюбу. І больш у Беларусь не вяртаўся. Вырашыў атрымаць польскае грамадзянства ды хадзіў на акцыі пратэста беларусаў у Варшаве.

— Навошта, як вы казалі, «простаму чалавеку, тынкоўшчыку» скідваць Лукашэнку? Жылі сабе, грошы нармалёвыя зараблялі...

— У мяне асабіста вялікія раны ад гэтага чалавека. Калі скончыў вучылішча, не хацеў адпрацоўваць размеркаванне. За адмову мне выпісалі штраф 3,2 тысячы даляраў, і я паехаў зарабляць гэтыя грошы ў Сібір. Там, у Пермскім краі, паклаў два гады свайго жыцця.

Чаму не хацеў адпрацоўваць на Радзіме? Бо на той месячны заробак (а працаваць трэба было цяжка), я мог набыць сабе майку, штаны і раз на месяц пайсці на дыскатэку. У Сібіры таксама не было салодка, працаваў па 12 гадзін, але ж і атрымліваў тысячу даляраў.

«Маці толькі ўсміхнулася: «Ты псіхічна трохі не таго. Едзь, бачу, што ты тут ужо не зможаш»

Як вы апынуліся ў Швецыі, дзе зараз працуеце будаўніком?

— Гэта было яшчэ ў 2015-м, калі ў мяне было ІП, і мы рабілі ацяпленне дамоў пад Гародняй. У аднаго хлопца, які на той час сам працаваў у Швецыі ды ў выніку і нам прапанаваў.

У Швецыі я пазнаёміўся з мясцовымі, разам хадзілі на мітынгі салідарнасці з Беларуссю. Мне тады і шведы, і палякі казалі, што такое маё жыццё небяспечнае: маўляў, з’язджай з Беларусі. Тады я яшчэ верыў, што ўсё будзе добра.

А калі ўжо зразумеў, што яны мелі рацыю, то сказаў маці, што еду ў Польшчу. Маці ўсміхнулася: «Ты псіхічна трохі не таго. Едзь, бачу, што ты тут ужо не зможаш».

У 2022-м я атрымаў польскае грамадзянства, а ў 2023-м —  шведскі від на жыхарства. Калі вытрымаю тут тры гады, то атрымаю шведскае грамадзянства.

Што тычыцца польскага, то я прыходзіў ва ўжонд і нават сварыўся, даказваючы, што «я паляк».  Перш за ўсё за сваё польскае грамадзянства я ўдзячны бабулі, якая мяне выхоўвала ўсё дзяцінства ў беларускай вёсцы.

Бацька моцна біў маю маці, а яна, каб я не бачыў гэтага гвалту, адпраўляла мяне ў вёску. Бацька быў вельмі вялікі, два метры, і яго ўсе баяліся, бо ён быў азербайджанец. Нават міліцыя, калі прыязджала, то хутка яго адпускала, бо ён вэдэвэшнік. 

Па гвалту і знешняму выгляду бацька быў для мяне падобны на Лукашэнку. Ніколі не плаціў аліменты, не падтрымліваў. Вялікі-вялікі, але вельмі баяўся маёй бабулі-полькі, бо толькі яна давала яму адпор.

Бабуля вадзіла мяне ў касцёл, на першыя споведзі і вельмі хацела, каб я быў палякам. Нават у польскую школу мяне адправіла. Але там мне не падабалася.

Калісьці ў мяне было імя Рустам. І ў школе мне ўвесь час казалі, што я «не такі», і імя маё «не такое». Дык калі атрымліваў польскае грамадзянства па бабуліных каранях, то змяніў Рустама на Роберта ды ўзяў прозвішча бабулі –  Крыніцкая.

«Хацеў распавесці Байдэну пра свае перажыванні, што Лукашэнка катуе людзей і каб Байдэн больш дапамагаў Украіне. А мяне адправілі ў шпіталь»

— Вы сустрэліся і зрабілі сэлфі з Ціханоўскай другі раз праз чатыры гады пасля жніўня 2020-га, у Швецыі...

— Так, атрымалася ў мяне. У нас была група «Беларусы Стакгольма», якая арганізоўвала яе прыезд. Але ж я нікога не пытаў, набыў кветкі ды паехаў.

У мяне яшчэ таксіст запытаўся, да каго еду. Я адказаў: «Да свайго прэзідэнта». Ён пасмяяўся, маўляў, жартуеш. Паразмаўляў я з Франакам Вячоркам. Ён сказаў, што пазней магу падысці да Святланы Георгіеўны.

Вельмі ганаруся, што я хоць ужо і паляк, але ж і беларус таксама. І сумую, што не магу бачыць дачку, якая засталася ў Беларусі, і якой я нават не магу адкрыта патлумачыць, чаму не прыязджаю да яе. 

У Польшчы я трапіў у псіхіятрычны шпіталь. Лекарка сказала, што «у гэтага хлопца засталіся вельмі глыбокія балючыя раны, нават шнары». Бо я, калі бачыў ноччу 9 жніўня той гвалт, які адбываўся...

Нас адна бабуля схавала ў аднапакаёвай кватэры, каля 20-ці чалавек. Ды сказала тады: «Як вы яго не скінеце ў гэтую ноч, то потым за 5 гадоў ён усіх вас знішчыць». Яна праўду казала, але ж тады мы яе не паслухалі.

Мы ж у тую ноч паехалі ў Ліду, бо Гародня пала а 10-й гадзіне, калі ўсіх паразганялі, а Ліда яшчэ трымалася. Шмат тады жахаў пабачыў.

І, калі апынуўся ў псхіятрычным шпіталі, то лекарка, казала, што я чалавек з вялікім пачуццём да волі. У мяне не было дэпрэсіі. Наадварот – стан эйфарыі-пазітыва ды потым троху самотнасці, але ж не дэпрэсіі. Калі знаёмыя дазнаваліся пра лякарню і маю біпалярку, то шмат хто смяяўся.

Затрымалі мяне і завезлі ў лякарню, калі я адмыслова прыляцеў са Стакгольма ў Варшаву, каб сустрэцца з Байдэнам, што ехаў ва Украіну.

А навошта вам быў Байдэн?

— Хацеў распавесці пра свае перажыванні, што Лукашэнка катуе людзей, і каб Байдэн больш дапамагаў Украіне.    

То бок вы хацелі аднім махам вырашыць шмат якія сусветныя пытанні...

— Ну так. Я і сам зараз з сябе таго смяюся. Але ж гэта не замінае мне верыць, што я хацеў зрабіць добрае для Беларусі і людзей. 

2020-ты, хоць і атрымаўся насамрэч жудасным па наступствах, але для мяне гэта самы лепшы год майго жыцця. Так, мы яго не да канца дарабілі, на жаль. Але Беларусь для мяне і зараз — гонар за тых, хто тады не пабаяўся выйсці.

Я таксама, як і шмат з’ехаўшых, хачу вярнуцца ў Беларусь. Каб паехаць у вёску Індура Гарадзенскага раёна, дзе мяне хрысцілі ў вельмі прыгожым касцёле Найсвяцейшай Тройцы. Хачу памаліцца ў ім.

І яшчэ ведаеце, я заўсёды быў нейкі «не такі» на Радзіме. Імя не тое, выгляд не такі, паводзіны… І я з гэтым жыў шмат гадоў.

А зараз у Польшчы, Швецыі, Амерыцы я для ўсіх стаў «такі». Толькі вярнуўся з адпачынку ў ЗША, дзе мяне вельмі цёпла прымалі. Мяне любяць, нават ведаючы пра мой дыягназ, характар ды тэмперамент, падтрымліваюць ды спагадаюць.