Общество

Кацярына Кулакова

Былы супрацоўнік Акадэміі навук: «На архіўных чорна-белых фатаграфіях замазвалі бчб-сцяг»

«Салідарнасць» паразмаўляла з Радзівонам Коласам — былым супрацоўнікам Нацыянальнай акадэміі навук, які вымушана звольніўся і з’ехаў з Беларусі ў 2025 годзе. У вялікім інтэрв’ю ён распавёў, што зараз адбываецца з беларускай адукацыяй, чым жыве навуковая супольнасць і як на працы адбіваюцца рэжымныя загады.

Радзівон Колас. Фота з асабістага архіва героя

«На гістфаку разумелі, што мы жывем у гістарычны час»

Летам 2020-га, калі ў краіне пачыналіся першыя мітынгі перад прэзідэнцкімі выбарамі, Радзівон толькі скончыў школу і, здаўшы ЦТ па сусветнай гісторыі на 100 балаў, паступаў на гістарычны факультэт БДУ.

— Я скончыў тую ж школу, што і наш нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. У мяне былі шыкоўныя выкладчыкі, сярод якіх вучні Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна, — распавядае Радзівон Колас. — Была поўная акадэмічная свабода, жыла беларушчына — у 2018-м абмяркоўвалі стагоддзе БНР, у 2019-м — перапахаванне паўстанцаў. А некаторыя вучні і настаўнікі нават ездзілі тады ў Вільню.

Яшчэ са школы мне казалі: з’язджай. Але я хацеў жыць у Беларусі і рабіць справы на яе карысць. Калі паступаў на гістарычны факультэт БДУ, было пачуццё, што вучыцца ўжо буду ў іншай краіне, дзе гэтага рэжыма не будзе.

Падчас свайго першага семестра Радзівон разам з іншымі студэнтамі выходзіў на мітынгі, прымаў удзел у забастоўцы і дапамагаў рэпрэсаваным.

— Намесніцай дэкана прызначылі жонку супрацоўніка КДБ, яе мэта была не дапусціць, каб студэнты далучыліся да дэмакратычнага руху. Дзякуй богу, не ўдалося — гістфакаўцы паказалі, што не падтрымліваюць дыктатуру. Памятаю гэтыя цудоўныя дні спеваў, як мы абаранялі адзін аднаго перад дэканатам, які хацеў граць быццам бы на баку студэнтаў, але насамрэч гэта несумленыя людзі, якім важныя толькі грошы і пасады, якія гатовыя дзеля гэтага ахвяраваць уласнымі студэнтамі.

Памятаю, калі нашых студэнтаў вельмі страшна пабілі сілавікі, Еўразвяз прапанаваў прыняць іх на рэабілітацыю, а намесніца дэкана сказала: «Ну что там страшного, немножко дубинкой их побили».

Разам з гэтым большасць выкладчыкаў падтрымала студэнтаў. На пэўны час на гістфаку было адчуванне, што мы перамаглі. Нават тыя, хто не выходзіў на пратэсты, падтрымлівалі нас маральна: усе разумелі, што перамены неабходныя, што час не стаіць на месцы, што чалавек, які мысліць катэгорыямі XX стагоддзя не можа кіраваць краінай у XXI стагоддзі.

Тое, што кажа і робіць Лукашэнка, ніяк не суадносіцца з рэчаіснасцю і патрэбамі людзей. Мы разумелі, што жывем у гістарычны час, але адначасова з гістарычнай перспектывы разумелі, што можам прайграць. Тым не менш, прамаўчаць было немагчыма. Выкладчыкі казалі, што ў 90-х не было той салідарнасці, якую ў 2020-м мела нашае пакаленне.

«Ёсць спіс, пра што пісаць трэба. А працы, якія «шкодзяць нацыянальнаму абліччу Беларусі», да абароны не дапускаюцца»

У 2020-2021 гадах у БДУ па большасці панавала акадэмічная свабода. Напрыклад, Радзівон прысвяціў сваю курсавую працу беларускай моладзі і яе каштоўнасным арыентырам. Студэнт паказаў, як арыентыры нашай моладзі не суадносяцца з карцінай свету, у якой жыве ўлада.

Але пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, адзначае суразмоўца «Салідарнасці», ва ўніверсітэце пачалося татальнае цэнзураванне. Апроч гэтага, пачаўся большы кантроль за студэнтамі і іншыя новаўвядзенні:

— Напрыклад, пра Каліноўскага пісаць можна, але акцэнт папросяць паставіць у адпаведнасці з тым, што сёння хоча бачыць дзяржава. Увогуле ва ўніверсітэце няма механізму, пра што пісаць нельга, але прыняты спіс пра што пісаць патрэбна. І ўсе кафедры павінны сыходзіць са спісу «актуальных праблем».

Напрыклад, там ёсць праблема фарміравання беларускай нацыі. І калі раней гэта супадала ў тым ліку з дзейнасцю Каліноўскага (ніхто не адмаўляў, што ён і БНР адыгралі вялікую ролю), то сёння Гігін сцвярджае, што беларусы як нацыя сфарміравалася пры Лукашэнку.

Калі папрасіць беларусаў назваць нацыянальнага героя нашай краіны, большасць назаве Кастуся Каліноўскага. Каліноўскаскага прасоўвала ў тым ліку савецкая ўлада. А сёння рэжым з гэтым змагаецца. Цяпер намагаюцца прасоўваць новы наратыў  — перш за ўсё на савецкім падмурку. Каб людзі называлі Машэрава, Мазурава, дзеячоў ВАВ.

Нават новае свята 17 верасня — усё гэта ідзе ў спробе зламаць гістарычны наратыў, які пісаўся, дарэчы, тымі ж аўтарамі, якія сёння пішуць абсалютна іншае. У большасці выпадкаў падручнікі па гісторыі пішуць выкладчыкі гістфака БДУ. Мы ведаем, што на сёння з іх ужо прыбралі перыяд Рэчы Паспалітай — усё намагаюцца перашыць на савецкі манеўр.

Калі вяртацца да зменаў ва ўніверсітэце, то на кафедры прыходзяць спісы так званых неблаганадзейных студэнтаў і выкладчыкаў, якіх трэба выключыць з публічнай прасторы і зрабіць так, каб гэтыя людзі не займалі кіруючыя пасады.

Яшчэ адна цікавая мера — працягванне кантрактаў на год. Робяць так, каб у чалавека не было пачуцця надзейнасці.

Стажыроўкі, напісанне артыкулаў, выбар тэм для курсавых, дыпломных, магістарскіх і кандыдацкіх — усё трэба ўзгадняць з дэканатам. Нельга пісаць дысертацыі, якія «вредят национальному облику Беларуси».

Некаторыя працы не дапускаюцца да абароны прыкладна з падобнай фармулёўкай. Гэта, вядома, абсалютная дурнота, але людзі мусяць мяняць тэмы.

Што стала яшчэ страшней — гэта кланавасць. Сёння на гістфаку БДУ уладу захапіла толькі адна кафедра — дэкана і ягоных выпускнікоў. Гэтыя людзі займаюць пасады на іншых кафедрах, то бок усё выключна праз свае цесныя кантакты. Уявіць, каб чалавек з іншай кафедры прыйшоў на кіруючую пасаду, досыць цяжка.

Вельмі ўплывовую ролю пачалі граць характарыстыкі. Іх патрабуюць паўсюль.

Таксама заўважыў, што моладзь намагаюцца прывабіць «плюшкамі». У 2020-м улада цмяна зразумела, што прайграла моладзі. Яны не прапанавалі нам ніякіх ідэй або наратываў, якія маглі б нас зацікавіць.

Пасля 2020-га і асабліва пасля 2022-га рэжым пачаў намацваць тое, што можа прывабіць моладзь. Часцей за ўсё гэта звязана з механізмам кар’ернага росту — БРСМ-актыўнасці, будаўнічыя атрады за месца ў інтэрнаце, дадатковыя выплаты, калі ты ходзіш на пралукашэнкаўскія мітынгі.

«Сістэма прымушае сумленных людзей рабіць несумленныя рэчы». Што адбываецца ў НАН

У 2021 годзе Радзівон пачаў працаваць у НАН. Навуковыя артыкулы ён пісаў на беларускай мове, на ёй жа размаўляў з калегамі і кіраўніцтвам.

— У гуманітарных напрамках Акадэміі навук пануе беларуская мова. Супрацоўнікі вельмі пазітыўна ставяцца да яе, але для кіраўніцтва гэта маркер — маўляў, чалавек не падтрымлівае ўладу. Але ў цэлым з беларускай мовай асаблівых праблем не было, акрамя візітаў у прэзідыўм: там цётачкі і дзядзечкі пыталі, ці прынцовая гэта пазіцыя і ці можам мы размаўляць на расійскай мове.

Акадэмія навук. 2025

Таксама ў Акадэміі навук нельга было пісаць заявы на беларускай мове. Напрыклад, калі пісаў заяву на адпачынак, мяне прасілі перапісаць, бо «делопроизводство Академии наук ведется исключительно на русском языке».

З большага вопыт працы ў Акадэміі, адзначае навуковец, быў пазітыўны. Да 2023 года Радзівон пісаў навукова-публіцыстычныя артыкулы, раскрываючы фонды бібліятэкі Акадэміі навук. Напрыклад, фонды Язэпа Драздовіча, Ларысы Геніюш, Адама Станкевіча. Паралельна з гэтым выступаў на навуковых канферэнцыях. Пасля 2023-га займаўся выключна навукай і апісваў кірылічныя рукапісы канца XVI-пачатка XX стагоддзяў.

— Але ж я ўвесь час знаходзіўся пад каўпаком: былі размовы з кіраўніцтвам, праскоквала, што ў мяне вельмі дрэнная характарыстыка і таму мне трэба маўчаць, бо будуць праблемы. З іншага боку, Акадэмія навук намагалася прыкрыць такіх супрацоўнікаў перад сілавікамі — але не з-за таго, што ім падабаюцца нашыя нацыянальныя погляды, а таму, што часцей за ўсё беларускамоўныя супрацоўнікі даюць вельмі шмат навуковага прадукту: публікацый, выступленняў на канферэнцыях, грантаў.

Сёння, на жаль, Акадэмія навук ператварылася ў фабрыку колькасці, а не якасці. Кіраўніцтва патрабуе шмат публікацый і выступленняў. У 2023-м былі ўведзены нормы па мінімальнай колькасці публікацый і артыкулаў. Усё, каб стварыць бачнасць, быццам робіцца шмат навуковага прадукту. Але яго якасць... Лепей прамаўчаць.

Катастрофа Акадэміі навук ў тым, што ў нас шмат добрых навукоўцаў, якія з-за гэтых нормаў вымушаны рабіць кепскую працу — ніжэй плінтуса.

Выданне каталогаў, якія сёння робіць бібліятэка Акадэміі навук — гэта смех. Проста фотаздымкі кніжак з мінімальным апісаннем. Вядома, гэта робіцца, каб падагнаць колькасць, каб выбіваць дадатковае фінансаванне і распілоўваць грошы.

Я і сам быў удзельнікам аднаго гранта для моладзі. Папрацаваў там нелькі месяцаў, а потым мяне адтуль выкінулі. Па маіх назіраннях, усё, што робіцца зараз у межах нашага праекта, парушае правілы атрымання гэтага гранта. Бо заробкі атрымліваюць самі супрацоўнікі. Яны робяць і сваю працу, і выдаюць яе за грант, нібыта за ўнікальны навуковы прадукт, але насамрэч гэта высмоктванне грошай.

Акрамя таго, грантаўскі фонд працуе ў Акадэміі навук — у яго кіраўніцтве сядзяць людзі, якія адначасова працуюць у іншых аддзелах. Атрымліваецца, яны проста раздаюць грошы сваім супрацоўнікам, а частка ідзе ў кішэню.

Пры гэтым кіраўніцтва Акадэміі навук часта і мэтанакіравана ўводзіць сваіх супрацоўнікаў у залежны стан. Напрыклад, актыўна заклікаюць вучыцца ва ўніверсітэце пры АН, бо тады ў чалавека будзе пакой у інтэрнаце, стыпендыя і заробак:

— І калі людзі ідуць, то ў іх часта ўжо няма іншага выйсця, бо усё, што ў іх ёсць, гэта фактычна дала Акадэмія і дзяржава, і чалавек ужо не можа зварухнуцца.

Такая сістэма прымушае сумленных людзей рабіць несумленныя рэчы — падаваць у некалькі часопісаў адзін і той жа артыкул, змяняючы толькі назву. У нармальнай еўрапейскай краіне за такое пазбаўляюцца фінансавання, акадэмічнага статусу і рэпутацыі. Але Акадэмія навук, на жаль, працуе такім чынам.

Тое ж самае з узнагародамі. Многія не хочуць супрацоўнічаць з рэжымам, але Акадэмія сама вылучае навукоўцаў на намінацыі. У нейкі момант чалавек разумее: ага, я атрымаў нейкую ўзнагароду, атрымліваецца, я ўжо запэцканы.

«Забаранілі ўзгадваць і пісаць пра Ларысу Геніюш». Як змагаюцца з гісторыяй

— У 2023-2024 гадах сайт Акадэміі навук зачышчаўся ад розных публікацый і фотаздымкаў. Напрыклад, была разнарадка, каб дызайнеры рэтушавалі архіўныя фотаздымкі, дзе бачныя бчб-сцяг і «Пагоня» — іх замазвалі. Увага: на чорна-белых фотаздымках!

Адзін з фотаздымкаў, які зарэтушавалі — фота Язэпа Драздовіча ў часы, калі ён выкладаў у Вільні. Таксама забаранілі ўзгадваць і пісаць пра Ларысу Геніюш, а яе архіў сёння амаль недасяжны для наведвальнікаў, хаця па закону так не мусіць быць.

Дарэчы, ёсць забарона публікаваць фотаздымкі беларусаў у лапцях. А на калектыўных здымках павінна быць бачна дзяржаўная сімволіка. Гэты чырвона-зялёны сцяг ледзь ні з сабой трэба насіць.

Асобую ролю ў сённяшняй працы навукоўцаў адыгрывае прызнанне кніг экстрэмісцкімі. У сваіх працах гісторыкі мусяць дадаваць агляд гісторыяграфіі:

— Як гэта рабіць, калі сёння адна з кніг прызнана экстрэміцкай? Я пытаў ў юрыста, які прыходзіў да нас з лекцыяй. Ён адказаў: «Можаце рабіць на свой страх і рызыку, але тады, даруйце, на вас будзе артыкул».

Я не разумею, як сёння будуць займацца творчасцю Дуніна-Марцінкевіча, бо яго творы прызнаныя экстрэміцкімі. Хаця ў час, калі ён працаваў, нават такога слова не існавала.

Ёсць манаграфіі, якія атрымлівалі «прэміі прэзідэнта» і ў той жа год прызнаваліся экстрэміцкімі.

«Мы намагаліся рабіць сваю справу фактычна ва ўмовах акупацыі». Пра атмасферу сярод навукоўцаў

— Апошнія гады, мне здаецца, я і мае калегі жылі ва ўнутранай эміграцыі. Мы працавалі, намагаліся рабіць сваю справу на карысць беларушчыны фактычна ва ўмовах акупацыі. Я называю гэты час таталітарным рэжымам ва ўмовах лічбавага грамадства. Бо, калі б не было інтэрнэту, мы б характэрызавалі рэжым як таталітарны. Інтэрнэт — адзіная рэч, якая нас ратуе.

Пасля нарадаў мы абмяркоўвалі: якая чухня, да чаго мы дакаціліся, жывем у нейкай шызафрэніі. Часам не верылі, што гэта адбываецца ў рэчаіснасці. Нават калі ў кабінеце былі вымушаныя маўчаць, то разумелі адзін аднога па вачах: зараз будзе абед, мы пойдзем у парк і абмяркуем гэту дурасць.

Я лічу, што немагчыма вынішчыць адэкватных людзей — праца на карысць Беларусі ёсць і будзе працягвацца.

— А як вы і вашыя калегі ўспрынялі пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне?

— Першае, што мы адзін аднаму сказалі, я працытую: «Гэта п**дзец». Гэта была рэакцыя кіраўніцтва і навуковых супрацоўнікаў. Мы адчувалі фрустрацыю, што так не павінна быць.

Калі даведаліся, што нашы базы прадстаўляюцца для абстрэлу, што з нашай тэрыторыі пайшлі танкі... Ну, гэта быў проста маральны абавязак выйсці з украінскім сцягам, каб сказаць, што мы супраць.

Я прыйшоў са сцягам на выбарчы ўчастак у дзень рэферэндума. Дарэчы, ніякіх рэпрэсій менавіта за гэта не было. Многія не разумелі, якім чынам я застаюся на свабодзе. Сам не ведаю, чаму так сталася. Можа быць, адыграла тое, што працаваў у Акадэміі навук — не спалучалася патрабаванне БДУ і Акадэміі.

«Трэба казаць, каб еўрапейская супольнасць не закрывалася ад нас». Ці ёсць супраца з Захадам

— Большасць кантактаў з краінамі Захаду захавалася ў тэхнічных навуках. Але ў 2026 годзе гэтыя праграмы супрацоўніцтва, напрыклад, па атамнай энергіі, спыняюцца. У гуманітарнай сферы ёсць спіс нядружалюбных краін, з якімі было нельга супрацоўнічаць. Зразумела, гэта краіны ЕС, ЗША, Канада, Японія і іншыя. На пустое месца прыйшла Расія, у некаторай ступені Кітай.

Дарэчы, калі ездзіў у Расію, заўсёды апранаў цішоткі з беларускімі надпісамі, тлумачыў нашыя культурныя асаблівасці — навуковай супольнасці гэта заходзіла. А вось звычайны расеец на вакзале сказаў, што я нейкі «неправільны беларус».

Часам у Расіі атрымліваецца замяняць супрацоўніства з замежнікамі, але беларусы ўсё роўна глядзяць на Захад. Вядома, людзі хочуць дзесьці вучыцца, а ў Расіі ёсць шмат добрых архіваў, таму людзі вымушаны ехаць. Але па сённяшні дзень усё роўна працягваюць падаваць заяўкі на стажыроўкі ў заходнія краіны. Часам атрымліваецца паехаць, але часцей за ўсё — не. Таму трэба казаць, каб еўрапейская супольнасць не закрывалася ад нас.

Мне прапаноўвалі запрашэнні на розныя міжнародныя канферэнцыі, дзе арганізацыі аплочвалі жытло і дарогу. Акадэмія навук са сваёй кішэні не выдаткоўвала ні капейкі, ім толькі трэба было падпісаць дазвол. Я не атрымаў ніводнага дазволу. «Выступайце анлайн», — казалі мне заўсёды.

Канешне, выступы былі для іх выгаднымі, але паехаць завязаць кантакты не давалі.

«Яго нельга браць на працу, ён дрэнны чалавек, ён бэчэбэшнік». Як рэпрэсуюць за погляды

— Звальненне не адбылося выпадкова. Гэта ўсё назапашчвалася. Калі я толькі прыйшоў у Акадэмію навук, дырэктарам бібліятэкі быў Аляксандр Іванавіч Груша, сёння гэта прафесар польскай Акадэміі навук.

Пра гэта трэба сказаць, бо кіраўніцтва Акадэміі часта кажа: «Гэтыя з'ехалі і працуюць там дворнікамі». Гэта ўсё лухта, цудоўна мы жывем і ў нас шмат навуковых праектаў. Дык вось, ён мяне намагаўся абараняць і абаряняе па сённяшні дзень. Як дапамагаў і дапамагае Аляксандр Андрэевіч Паршанкоў, дактарант Карлава ўніверсітэта.

Напрыклад, ён дапамагаў, калі ў 2020-2021 годзе на гістфаку мне не падпісвалі аніводнага ліста — нават бальнічны. У 2024-м я настолькі адчуў на сабе ціск сістэмы, што часам дазваляў не пагаджацца з кіраўніцтвам і нават спрачацца.

Я падтрымліваў звольненых за палітыку супрацоўнікаў — напрыклад, купляў ім кветкі. Гэта страшна не задавальняла кіраўніцтва.

Тым не менш, мяне цярпелі і трымалі, бо я быў добры супрацоўнік: прыходзіў на працу а 7.30 і сыходзіў на заняткі а 14.30, хаця на палову стаўкі павінен быў працаваць толькі чатыры гадзіны. У мяне была перапрацоўка на 237%.

У выніку не мела значэнне нават гэта — папрасілі напісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Доўгі час я не хацеў гэтага рабіць, але таксічасць перайшла ўсе межы. На магістратуры БДУ паўтарылася тое ж самае — пазбавілі жытла ў інтэрнаце, хаця я быў выдатнікам і ў выніку проста вытравілі.

У мяне былі запрашэнні ўзначаліць некалькі фондаў, але як толькі яны запытвалі маю характарыстыку, ім тэлефанавалі з аддзела кадраў Акадэміі навук і казалі: «Яго нельга браць на працу, ён дрэнны чалавек, ён бэчэбэшнік». А ў характырытыцы нават пісалі, што ў мяне псіхалагічныя парушэнні. Звалі мяне працаваць і ў Расію, але я не паехаў — хацеў застацца ў Беларусі.

Магчымасці такой не засталося, да таго ж было адчуванне, што магу трапіць за краты.

Пасля адлічэння атрымаў запрашэнне ад Варшаўскага ўніверсітэта працягнуць навучанне. Цяпер вучуся тут на двух стыпендыях. А ў Беларусі, як я ведаю, на мяне завялі дзве крымінальныя справы.

Шкада, што на маё месца ў Акадэміі навук дагэтуль не знайшлі чалавека. Разам з калегамі мы стварылі першую ў Беларусі методыку апісання рукапісных кніг. Каталог мусіў выйсці ў пачатку 2025 года, але не выйшаў. Ведаю, што праца працягваецца, але ўжо значна павольней.

«Акадэмічныя ўстановы мусяць самі вызначаць кірункі сваёй дзейнасці». Што трэба змяніць у сучаснай беларускай навуцы?

Фота з асабістага архіва героя

— Перш за ўсё, патрэбна абсалютна кардынальна перагледзець наяўны падыход да навукі і навукоўцаў. На жаль, сёння ўлада абсалютна не разумее, што фінансаванне і «падтрымка» толькі тых галінаў навуковай дзейнасці, што мае непасрэднае дачыненне да сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, непазбежна вядзе да заняпаду і дэградацыі краіны па ўсіх астатніх кірунках, у тым ліку і ў гэтых «падтрыманых».

Як бы там не было, але ні рада міністраў, а ні сам Лукашэнка не з'яўляюцца навукоўцамі. Іх уяўленне пра навуку і рэчаіснасць настолькі далёкае ад сучаснасці, што сваімі «парадамі» яны робяць толькі горш. З гэтага вынікае галоўная неабходная змена — наданне і вяртанне акадэмічнай вольнасці і свабоды ў навуковыя ўстановы.

Чынавенства не разумее анічога, а значыць і не можа накіроўваць сродкі, рэсурсы ў патрэбныя галіны і сферы развіцця. Акадэмічныя ўстановы мусяць самі вызначаць кірункі сваёй дзейнасці, сыходзячы з актуальных рэальных праблемаў, а таксама рэальных наяўных рэсурсаў, а не «планавых паказчыкаў», далёкіх ад свету непасрэднай працы.

«Свет адразу становіцца шырэйшы». Чым адрозніваецца адукацыя ў Польшчы ад Беларусі?

— Што мяне моцна здзівіла — гэта неймаверная полімоўнасць, якая ўваходзіць у тваю штодзённасць. Кожны дзень свайго жыцця я размаўляю на пяці мовах: польская, англійская, беларуская, украінская, руская і дадаткова вывучаю зараз ва ўніверсітэце нямецкую і літоўскую.

У такіх умовах быць закрытым ад свету немагчыма. Ты мусіш рабіцца больш гнуткім, слухаць розныя галасы розных культураў, вучыцца слухаць і чуць. Свет адразу становіцца шырэйшы. У БДУ гэтага не было, зараз нават і марыць пра гэта не магчыма.

Добра ўражвае — адсутнасць дыстанцыі між выкладчыкам і студэнтам. Мы адразу на першых занятках разумеем, што працуем супольна і вучым адзін аднаго, а не наадварот. Выкладчык тут больш у ролі мадэратара, а не «гауляйтэра» ці «наглядчыка».

Мы разам вырашаем, якая будзе форма заняткаў, які будзе іспыт, выстаўляем параметры ацэнак. То бок навучанне робіцца супольным працэсам. Гэта наўпрост вырастае з разумення ўніверсітэта. На жаль, у Беларусі гэта немагчыма: татальная «держиморда» спрыяе забойству акадэмічнай культуры.

— Вы зараз навучаецеся ў Еўропе, але ці плануеце вярнуцца ў Беларусь, калі гэта будзе магчыма?

— Канешне, а як жа іначай?! Рэжым нішчыць нашу краіну, забівае наш народ, вынішчае усё беларускае — дазволіць ім працягваць рабіць гэта мы не можам. Пакуль тут гартуем свае сілы, вучымся, даследуем у лепшых універсітэтах свету, каб працаваць дзеля Беларусі.

Лукашэнка не вечны, а час працуе на нашу карысць. Я ўпэўнены, што ўсё будзе Беларусь, усё будзе Украіна. І наша светлая дэмакратычныя будучыня пераможа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)