Цыганкоў: «Дыктатуры маюць магчымасьць даволі доўга не рэагаваць на пэўныя матэрыяльныя страты і праблемы для ўласнага насельніцтва»

Палітычны аглядальнік — пра тое, як дзякуючы закрыццю мяжы Варшава пратэсціравала «механізм» і праверыла ступень суб’ектнасці Менска.

— Логіка і ўсе падзеі вакол падказвалі, што па-іншаму быць і не магло, — піша Віталь Цыганкоў пра адкрыццё польскай мяжы. — Пад маркай рэакцыі на вучэнні «Захад» палякі паспрабавалі, як дзейнічае гэты «інструмент», які некаторыя ўспрымалі ледзь не чароўнай палачкай.

Віталь Цыганкоў

«Закрыйце мяжу, і назаўтра ж Лукашэнка вызваліць усіх палітзняволеных!» — пераконвалі нас некаторыя палітолагі і актывісты.

Аказалася, не ўсё так проста. Рэч у тым, што для дэмакратыяў і дыктатураў электаральныя і матэрыяльныя страты ўспрымаюцца і адчуваюцца па-рознаму. Адныя хвалююцца за кожны страчаны працэнт падтрымкі і вымушаныя рэагаваць на кожны папрок у эканамічных згубах. А дыктатурам — пофіг.

Не тое, што пофіг зусім і на ўсё, але яны маюць магчымасьць даволі доўга не рэагаваць на пэўныя матэрыяльныя страты і праблемы для ўласнага насельніцтва. 

Так што гульня паводле  прынцыпу «хто каму больш нашкодзіць» апрыёры не самая  выйгрышная для дэмакратыяў, дзе немагчыма ігнараваць апазіцыю, свабодную прэсу і настроі выбарнікаў.

Але разам з тым я ні ў якім разе не схільны лічыць, што Варшава неяк «прайграла» гэтую міні-бітву. Пра «пройгрыш» могуць казаць тыя, у каго былі завышаныя чаканні і хто верыў у тую самую «чароўную палачку».

Адразу было зразумела (кажу пра сябе), што гэта не будзе надоўга. Варшава пратэсціравала «мехінізм», які ў яе застаецца ў рукаве, праверыла рэакцыю Кітая (і гледзячы па ўсім, прыцягнула Кітай у якасці пасярэдніка ў гэты канфлікт), праверыла чарговы раз ступень суб’ектнасці Менска і ягоную гатоўнасць ісці на нейкія ўзаемапрымальныя крокі.

І рызыкну прагназаваць, што Менск і Варшава пра нешта закулісна дамовіліся -- штосьці стане публічным (палітвязні), а штосьці будзе працягвацца рознымі «кансультацыямі».

У любым выпадку можна цвёрда прагназаваць, што «мігранцкі крызіс» на нейкі час будзе чарговы раз паслаблены (колькасць спробаў нелегальнага пераходу мяжы ўжо істотна зменшылася падчас вучэнняў).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)