Цыганкоў: «Зьдзіўляюць абурэньні ў стылю «і чаму гэта тупы Захад ня хоча ваяваць за Ўкраіну?»

Палітычны аглядальнік — пра тое, чаму ніякіх замежных войскаў на тэрыторыі Украіны (прынамсі, да заключэньня мірнага пагадненьня) ня будзе.

— Трошкі зьдзіўляюць абурэньні ў стылю «і чаму гэта тупы Захад ня хоча ваяваць за Ўкраіну», — піша Віталь Цыганкоў. — Калі задумацца — а сапраўды, чаму людзі ня хочуць ваяваць? Можа, таму, што яны нармальныя, псіхічна здаровыя людзі? Нармальныя, псіхічна здаровыя людзі ў прынцыпе ня хочуць ваяваць — тым болей не за сваю краіну.

Віталь Цыганкоў

Ды ладна, скажуць мне, гэта не нармальныя, а глупыя людзі — бо не разумеюць, што «яны будуць наступныя», што калі яны не будуць ваяваць зараз ва Ўкраіне, то будуць пазьней ваяваць на сваёй тэрыторыі.

А вось не факт. Прыгожы рытарычны ход, але не факт. Не факт і ў рэальнасьці, і тым больш не факт у іхнім разуменьні.

І ніхто зараз ня можа сказаць, што менавіта толькі так і будзе. І спасылкі на 1938-ты не працуюць. Расклад сілаў трошкі розны, Гітлер не адваёўваў 3 гады адзін райцэнтар.

І кожны заходні палітык, калі прымае рашэньні, ня можа дакладна ацаніць, якія будуць у будучыні праблемы (і ці будуць яны ўвогуле) з-за цяперашняга няўдзелу ў вайне. Але кожны зь іх можа цалкам рэальна і дакладна прадбачыць канкрэтныя праблемы для яго і ягонай краіны ў выпадку непасрэднага ўдзелу ў вайне.

Як бы нам не было сумна гэта канстатаваць, але трэба быць рэалістам. Казаў гэта ў 2022-м, 2023-м, скажу і зараз: ніякіх замежных войскаў на тэрыторыі Украіны ня будзе (прынамсі, да заключэньня мірнага пагадненьня) — якімі б прыгожымі словамі не называла б сябе «кааліцыя ахвотных».

Калі хуліган нападае на чалавека, а іншыя стаяць побач і нярэдка назіраюць здалёк, не жадаючы ўмешвацца, то ніхто зь іх ня думае: «Вось зараз ён напаў на гэтага, і адсюль непазьбежна вынікае, што потым ён абавязкова нападзе на мяне». Не вынікае. Таму — лепш я буду стаяць убаку і пазваню ў паліцыю.

А ў нашай сітуацыі і ў паліцыю ўжо не пазвоніш, бо паліцэйскі не выйшаў на працу, сядзіць дома, заявіўшы, што home first.