Такім чынам нельга сказаць, што Менск у адказ на блякаваньне мяжы адказаў прынамсі зьмяншэньнем міграцыйнага ціску на польскую мяжу.
Дракахруст: Нельга сказаць, што Менск у адказ на блякаваньне мяжы адказаў зьмяншэньнем міграцыйнага ціску на польскую мяжу
Юры Дракахруст на Радыё Свабода тлумачыць на лічбах нелегальнай міграцыі, пра што Менск дамовіўся з Варшавай і пры чым тут Пэкін
Інтэнсіўнасьць плыні нелегальных мігрантаў зь Беларусі ў Польшчу зьнізілася напачатку верасьня ў параўнаньні зь летам. Але падчас вучэньняў «Захад-2025» і закрыцьця Польшчай мяжы гэтыя паказчыкі зноў вырасьлі. Такім чынам не выпадае казаць, што Менск пасьля блякаваньня мяжы зрабіў крок насустрач Варшаве, аслабіўшы міграцыйны ціск.
Чаго Польшча дамагалася закрыцьцём мяжы?
Польшча адкрыла мяжу зь Беларусьсю пасьля амаль двухтыднёвай блякады.
Абвяшчаючы пра закрыцьцё мяжы 9 верасьня, прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск зьвязаў гэтае рашэньне зь «вельмі агрэсіўнымі, з гледзішча ваеннай дактрыны» расейска-беларускімі вучэньнямі «Захад-2025».
— Мы таксама маем справу з усё большай колькасьцю розных правакацый з боку Расеі і Беларусі — як унутры краіны, так і, напрыклад, нядаўнім арыштам грамадзяніна Польшчы, манаха, у Беларусі. Яны маюць прыкметы вельмі агрэсіўных правакацый, — сказаў Туск.
Тады ж кіраўнік МУС Польшчы Марцін Кервіньскі патлумачыў, што Варшава закрыла мяжу зь Беларусьсю не на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025», а «ў сувязі зь іх правядзеньнем»:
— Памежныя пераходы будуць адкрытыя толькі тады, калі мы будзем на 100% упэўненыя, што сытуацыя не ўяўляе пагрозы для Польшчы і польскіх грамадзян.
Якімі ж былі канкрэтныя ўмовы, пры выкананьні якіх Польшча была гатовая ізноў адкрыць памежныя пераходы?
Прынамсі, адну з гэтых умоваў сфармуляваў міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, які 16 верасьня сустрэўся з кіраўніком МЗС Кітаю Ван І.
— Калі Кітай дапаможа нам, як ён гэта калісьці зрабіў, спыніць беларускія правакацыі, мяжа будзе адкрытая. І я спадзяюся, што Кітай зноў дапаможа, гэтым разам надоўга. Гэта, у пэўным сэнсе, вельмі проста.
Каб мяжа была адкрытай, там ня могуць бясчынстваваць нейкія групы псэўдаўцекачоў, якіх прапіхвае Лукашэнка, — сказаў Сікорскі 18 верасьня, пасьля завяршэньня вучэньняў «Захад-2025».
Са словаў кіраўніка польскай дыпляматыі вынікае, што ўмовай адкрыцьця мяжы зьяўлялася спыненьне плыні нелегальных мігрантаў з боку Беларусі.
Як мянялася колькасьць нелегальных мігрантаў падчас вучэньняў і закрыцьця мяжы
Уяўленьне пра тое, што адбываецца на мяжы, дае графік дасьледчыка Цэнтру новых ідэяў Генадзя Коршунава, створаны на падставе памежнай статыстыкі эўрапейскіх суседзяў Беларусі.
Ён паказвае штотыднёвую дынаміку колькасьці нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі патрапіць у Польшчу праз мяжу зь Беларусьсю ў чэрвені — верасьні сёлета.
З графіку бачна, што колькасьць парушэньняў нелегальнымі мігрантамі польскай мяжы зьменшылася напачатку верасьня ў параўнаньні зь летнімі месяцамі. Мінімум прыпаў на першы тыдзень месяца, які папярэднічаў пачатку вучэньняў «Захад-2025».
У тыдзень, калі пачаліся вучэньні, інтэнсіўнасьць патоку мігрантаў узрасла да 687 чалавек. Нарэшце, у апошні тыдзень, на які прыпала завяршэньне вучэньняў, колькасьць нелегальных мігрантаў ізноў зьнізілася, але была вышэй, чым напачатку верасьня.
За тры дні — 20-23 верасьня — колькасьць нелегальных мігрантаў склала 282 чалавекі.
Такім чынам у верасьні колькасьць парушэньняў нелегальнымі мігрантамі мяжы зьменшылася ў параўнаньні зь летнімі месяцамі, калі яна была надзвычай высокай.
Ня выключана, што рэкорднае зьніжэньне гэтай колькасьці напачатку верасьня было жэстам беларускіх уладаў, каб не абвастраць сытуацыю напярэдадні вучэньняў. Гэта, аднак, не перадухіліла рашэньня Варшавы закрыць мяжу з 12 верасьня.
Але ў адказ на гэтае рашэньне не адбылося нават зьніжэньня інтэнсіўнасьці патоку мігрантаў у апошнія два тыдні.
Калі ўмовай адкрыцьця мяжы было спыненьне і зьмяншэньне гэтага ціску, то яна выкананая не была.
Выказваліся спадзевы, што гэтага ж дамагаўся ад Лукашэнкі і Кітай, прынамсі, у асобе чальца палітбюро Кампартыі Лі Сі, які сустрэўся з Лукашэнкам 22 верасьня.
Ня выключана, што кітайская дыпляматыя сапраўды дамаглася негалоснай угоды: Варшава адкрывае мяжу, прычым публічна абвяшчае аб гэтым, Менск спыняе ці скарачае плынь нелегальных мігрантаў, не абвяшчаючы публічна пра гэта.
Неўзабаве мы пра гэта даведаемся. І кропка адліку тут — колькасьць нелегальных мігрантаў за папярэдні тыдзень — 663 чалавекі.
Калі ў наступныя тыдні плынь нелегальных мігрантаў істотна зьменшыцца, можна будзе казаць пра наяўнасьць негалоснай дамовы, заключанай пад уплывам Кітаю ці без яго. Калі ж гэтага не адбудзецца, то пра саступкі беларускага боку ў міграцыйным пытаньні казаць не давядзецца.
Ня выключана, што Менск пойдзе на вызваленьне важных для Польшчы палітвязьняў — Анджэя Пачобута і Гжэгаша Гавэла.
Аднак прынамсі Сікорскі называў умовай адкрыцьця мяжы менавіта вырашэньне міграцыйнага крызісу, а не вызваленьне знакавых палітвязьняў.
Як Кітай дапамог Польшчы летась
Кіраўнік польскага МЗС 18 верасьня прыгадаў, што ў мінулым Кітай дапамог Польшчы ў вырашэньні міграцыйнага крызісу на мяжы зь Беларусьсю.
24 чэрвеня 2024 году тагачасны прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда быў з візытам у Пэкіне, сустракаўся з кітайскім лідэрам Сі Дзіньпінам.
Дуда тады казаў, што ўздымаў у размове з Сі праблему штучнага міграцыйнага крызісу, які ладзіць рэжым Лукашэнкі. Тады заяўлялася, што Кітай аказаў ціск на Лукашэнку, які меў вынік.
Вось якой была дынаміка колькасьці нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у Польшчу ў червені-верасьні 2024 году (дадзеныя з аналітыкі Генадзя Коршунава).
У тыдзень, калі адбыліся перамовы Дуды зь Сі, колькасьць мігрантаў складала 524 чалавекі, у наступны тыдзень — 185. Зьмяншэньне амаль у тры разы. Але не да нуля.
Да таго ж неўзабаве плынь нелегальных мігрантаў тады пачала ізноў павялічвацца і ў канцы жніўня перавысіла ўзровень, які быў у тыдзень да чэрвеньскіх перамоваў польскага і кітайскага лідэраў.
Сёлета 18 верасьня Сікорскі выказаў спадзеў, што «Кітай зноў дапаможа, гэтым разам надоўга». З першага графіку, прыведзенага вышэй, не вынікае, што дапамог сёлета, прынамсі, да 23 верасьня не дапамог.
Ну, а што тычыцца доўгатэрміновай дапамогі Польшчы з боку Кітая — будучыня пакажа, ці спраўдзіцца гэты спадзеў польскага міністра.
Читайте еще
Избранное