Скандалы

Дырэктарка эталоннага калгаса ў Добрушы 12 гадоў хавала падзеж і збівала падначаленых. Аднаго спрабавала накарміць сіласам

«Чалавек года» ў Гомельскай вобласці давала інтэрв'ю прапагандыстам, хвалілася поспехамі і казала, што бярэ прыклад з Лукашэнкі. А цяпер апынулася на лаве падсудных, піша Наша Ніва.

У Добрушы ўжо другі раз за год судзілі былую дырэктарку ўзорнага калгаса «Завідаўскае». У маі жанчыну ўжо асудзілі на 4 гады калоніі за ўтойванне падзяжу. Як аказалася, калгас быў не зусім узорным: дырэктарка 12 гадоў рабіла фальшывыя справаздачы і махлявала з лічбамі. Так яна схавала падзеж больш за 380 галоў жывёлы.

Дырэктар ААТ «Завідаўскае» Таццяна Бялян. Фота: «СБ»

Але дырэктарка займалася не толькі падробкамі. Яна яшчэ тэрарызавала падначаленых. На першым судзе стала вядома, што яна збіла сваю галоўную бухгалтарку і кінула ў яе настольным гадзіннікам. Пацярпелая спрабавала звольніцца, але дырэктарка яе не адпускала.

Ужо пасля суда высветлілася, што бухгалтарка была не адзінай ахвярай кіраўнічкі. Яна зноў апынулася на лаве падсудных. На гэты раз пацярпелымі выступілі трое супрацоўнікаў. Адного з іх дырэктарка нават спрабавала карміць сіласам. З астатніх здзекавалася іншымі спосабамі. У гаспадарцы яе нават нібыта называлі «барыняй».

Вось як апісвае гэтыя выпадкі пракуратура:

«Абвінавачаная ў машынна-трактарным парку схапіла трактарыста за адзенне і пачала штурхаць з боку ў бок, пакуль ён не ўпаў на спіну. Затым яна паставіла сваё калена яму на грудзі і нанесла не менш за два ўдары рукой па целе. Яна завяла мужчыну ў дыспетчарскую, дзе прыціснула яго сталом да сцяны, прычыніўшы яму фізічны боль і збіццё.

Двойчы хапала брыгадзіра малочна-таварнай фермы за адзенне ў вобласці грудзей і спрабавала засунуць ёй у рот сілас, а ў другім выпадку нанесла ёй не менш за адзін удар па галаве».

Акрамя таго, яна як мінімум двойчы збіла ветэрынара ў сябе ў кабінеце.

Віну кіраўніца не прызнала, але суд вынес абвінаваўчы прысуд. Які менавіта, невядома. У сюжэце рэгіянальнага ТБ пракурор казаў пра чатыры гады калоніі і штраф 400 базавых (16 800 рублёў). Але гэта дакладна той жа прысуд, які яна атрымала на першым судзе па падзяжу жывёлы.

Прозвішча двойчы асуджанай дырэктаркі дзяржаўныя СМІ не называюць. Але затое назвалі гаспадарку — «Завідаўскае». Гэтым калгасам шмат год кіравала Тацяна Бялян.

Таццяна Бялян. Фота: «СБ»

Яна была зоркай дзяржаўнай прэсы. Актыўна давала інтэрв'ю пра поспехі гаспадаркі. Казала, што перадавікам купляе білеты на канцэрты і пуцёўкі ў санаторыі. А яшчэ каментавала выступы Лукашэнкі і казала, што бярэ з яго прыклад.

Чыноўнікі таксама ўпадабалі Бялян. Яны ўзнагароджвалі яе рознымі дыпломамі і званнямі, у тым ліку званнем «Чалавек года Гомельшчыны» ў 2023 годзе.

Дарэчы, на другі суд над Бялян звезлі кіраўнікоў мясцовых калгасаў — для прафілактыкі.