Дзень, які ў нас не адбярэ ніхто
«Ёсць і пазітыў». Кропля аптымізму з нагоды Дня Волі. Са святам!
25 сакавіка 2018 года, Мінск. Дзясяткі тысячаў беларусаў каля Оперы адзначаюць 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі незалежнай дзяржавай.
Многія з нас тады думалі, што краіна, магчыма, павярнула нарэшце ў правільны бок. Што пакрысе надыйдуць доўгачаканыя перамены.
Нехта скажа, што гэта былі наіўныя думкі і спадзяванні. І шмат у чым будзе мець рацыю.
Але верыць у гэта хацелася. Бо дагэтуль былі доўгія дзясяткі гадоў забаронаў і замоўчвання, разгонаў і запалохвання, шальмавання ды дзяржаўнага ігнору.
У 90-я беларусы збіраліся на Дзень Волі дзясяткамі тысячаў. Гэта былі велічныя шэсці на кіламетры сталічных вуліцаў і праспектаў, магутныя мітынгі. Але так масава мы адсвяткавалі толькі ў сотую гадавіну. Менавіта — адсвяткавалі.
Так, гэта было свята за агароджай, пад наглядам людзей, якія ўжо тады не саромеліся казаць актывістам, што хутка тут будзе Расія і тады ўжо яны з намі разбяруцца канчаткова.
Так, па-за той агароджай людзі ў форме і без яе хапалі тых, хто вырашыў адзначыць стагоддзе дзяржаўнасці без дазволу ўладаў. Не выключана, што ўлады і спецслужбы выкарысталі тое святкаванне, каб ацаніць сілы сваіх палітычных апанентаў.
І ўсё ж, пра такі «разгул дэмакратыі» мы не маглі і падумаць ні ў 2015-м, ні пагатоў у 2005-м. Гэтак жа фантастычна тое святкаванне ўяўляецца з вышыні апошніх пяці вар’яцкіх гадоў.
У сакавіку 2025-га святкаваць Дзень Волі на беларускіх вуліцах проста немагчыма. І ўсё больш пытанняў, наколькі бяспечна святкаваць на вуліцах Вільні і Варшавы, Прагі і Тбілісі. Мы вярнуліся ў змрочныя часы, калі наша вялікае свята ізноў патрабуе канспірацыі і мераў бяспекі.
Дык як мы можам адзначыць Дзень Волі сёлета? Што мусім зрабіць у такіх няпростых абставінах? Найперш варта памятаць некалькі важных рэчаў.
Рэальнасць такая, што сёння ў Беларусі мы можам дазволіць сабе толькі малы фармат. Сабрацца сям’ёй, расказаць пра 25 Сакавіка сваім дзецям. Сустрэцца з надзейнымі сябрамі.
Мусім разумець, што наступнае шматтысячнае святкаванне, як у сакавіку 2018-га, можа здарыцца вельмі няхутка. І добра яшчэ, калі нам не давядзецца пачынаць усё ад самага пачатку.
Ёсць і пазітыў. Мы ўжо маем гэты дзень у нашым беларускім календары. І яго ў нас не адбярэ ніхто — ні людзі, якія служаць сёння суседу-імперцу, ні той самы сусед. Калі толькі мы самі не захочам яго аддаць. Але ж не дачакаюцца. Са святам!
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное