Филин

Алеся Матусевіч

Гісторык: Складанне спісу «самых выбітных асоб» – загадзя няўдалая ідэя ўладаў

У Беларусі складаюць спіс «самых выбітных асоб». Ідэю ў каментары Филину ацаніў гісторык, сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч.

Спіс самых выбітных асоб у нашай гісторыі неўзабаве будзе зацверджаны ў Беларусі. Такую інфармацыю агучыў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання кіраўнік Нацыянальнай бібліятэкі і дзеючы дэпутат Вадзім Гігін.

— Думаю, на адным з бліжэйшых пасяджэнняў рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы мы канчаткова зацвердзім гэты спіс, — сказаў ідэолаг.

Ён таксама назваў шэраг імёнаў, якія «не тое што не выклікаюць супярэчанняў у розных палітычных груп, наадварот, аб’ядноўваюць беларускую нацыю»: Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Канстанцін Заслонаў, Пётр Машэраў…

У складанні спісу па даручэнні ўладаў бяруць удзел прынамсі прадстаўнікі Акадэміі навук (імаверна, з інстытута гісторыі). А колькасць асоб, хто будзе ў яго ўключаны, абмяркоўваецца — ад 100 імёнаў і далей. Пры гэтым у пераліку, зазначыў Гігін, будзе больш герояў часоў Другой сусветнай вайны.

Сама па сабе ідэя не здзіўляе: беларускія ўлады ўжо даўно складаюць разнастайныя рэестры і пералікі, каб фармалізаваць і абмежаваць усё, што толькі можна. Але ў дадзеным канкрэтным выпадку — навошта? Які практычны сэнс у такім спісе?

Гэтае пытанне Филин абмеркаваў з гісторыкам, сябрам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандрам Пашкевічам.

— Гэта, хутчэй, імітацыя дзейнасці, — мяркуе гісторык. — Ідэолагам, тым людзям, якія за гэта адказныя і грошы атрымліваюць, трэба нешта рабіць, праяўляць крэатыў. Вось і праяўляюць: прыдумалі як быццам нешта новае. Складуць спіс са 100 ці колькі чалавек і адсправаздачацца.

Тое, што па вялікім рахунку гэта нічога не дасць, — думаю, прагназавана. Бо абсалютна не зразумела, чым адрозніваецца прапаганда дзеячаў са спісу ад прапаганды тых жа самых дзеячаў «без спісу». Так што, па-мойму, гэта чыста ідэалагічны ход з боку вертыкалі.

— А можа, гэта спроба зноў актуалізаваць тэму і гераізацыю Вялікай Айчыннай: мінскае падполле, партызанскі рух і г.д.?

— Спіс, які агучыў той жа Вадзім Гігін, уключае не толькі герояў вайны, але і пісьменнікаў, і дзеячаў старажытнай гісторыі. То бок, нельга казаць, што ўсё зводзіцца да гісторыі вайны.

Вядома ж, ваенныя дзеячы там таксама будуць, можа, і на перадавых пазіцыях. Але я не бачу нейкіх асаблівых магчымасцяў, каб даць дадатковы імпульс гэтаму ўсяму. У Беларусі і так ваенныя героі згадваюцца ў тэму і не ў тэму, уплятаюцца ў любы кантэкст. Таму па выніку новага нічога няма, толькі перажоўванне старога і інфармацыйная нагода, каб пра гэта гаварылі.

— На ваш погляд, у норме, у дэмакратычнай краіне такі спіс выбітных гістарычных асоб, незалежна ад колькасці імён у пераліку, мае права на існаванне — альбо, калі ёсць аб’ектыўныя падручнікі гісторыі, у гэтым няма патрэбы?

— Не думаю, што патрэбныя пералікі — афіцыйныя, зацверджаныя подпісамі і пячаткамі.

Фармаванне гістарычнай памяці, тое, як гістарычныя постаці робяцца ў вачах суграмадзян героямі ці антыгероямі, наколькі людзі схільныя іх шанаваць — гэта куды больш складаны механізм, які складаецца з многіх фактараў і формаў уздзеяння. І не заўсёды высілкі дзяржаўнага апарату, каб зрабіць кагосьці героем, а кагосьці наадварот, даюць плён. Не так проста ўсё збудавана.

Таму, на мой погляд, гэта не трэба і ў новай Беларусі, у новых абставінах — складаць нейкія спісы, дзесьці іх зацвярджаць. Памяць не павінная быць чыста бюракратычным працэсам.

А ў цяперашнім выпадку мы бачым акурат бюракратычны працэс, калі важная форма, а не змест. Што вельмі характэрна для ўсяго лукашэнкаўскага рэжыму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)