Политика

Карбалевіч: «Пуцін адмыслова трымаў паўзу, чакаў, пакуль «кліент» сасьпее»

Палітычны аналітык Валер Карбалевіч аналізуе на Радыё Свабода сітуацыю вакол чарговай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі.

Уладзімер Пуцін і Аляксандр Лукашэнка на пасяджэньні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі ў Маскве, 26 лютага 2026 году

Незадоўга да перамоваў у Маскве, напярэдадні Рады міру, Расея адразу па трох каналах папярэдзіла беларускае кіраўніцтва пра небясьпеку разьвіцьця адносін паміж Беларусьсю і ЗША. Лукашэнка вымушаны быў апраўдвацца.

Здаецца, упершыню за апошнія пяць гадоў супярэчнасьці паміж саюзьнікамі выйшлі ў публічную плашчыню.

Паводле традыцыі і практыкі апошніх пяці гадоў Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін сустракаюцца і ладзяць перамовы прыкладна раз на два месяцы. Апошні раз яны бачыліся перад Новым годам у Санкт-Пецярбургу.

Звычайна кожны год у канцы сьнежня прэзыдэнт Расеі зьбірае лідэраў постсавецкіх краін, каб тыя пацьвердзілі іхнюю ляяльнасьць імпэрскаму цэнтру. Фармальна гэтае апошняе мерапрыемства называлася самітамі ЭАЭС і СНД. Там і прайшлі чарговыя перамовы паміж Лукашэнкам і Пуціным.

Прайшло два месяцы, і Лукашэнка прыляцеў у Маскву. Усё строга паводле альгарытму.

Фармальнай падставай для цяперашняй сустрэчы стала паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету (ВДС) Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Паводле ўстаноўчых дакумэнтаў гэтай інстытуцыі, яе бюджэт павінен зацьвярджацца вышэйшым органам, то бок ВДС. І ягонае паседжаньне павінна адбывацца ў пачатку кожнага году. Далёка не заўсёды гэтае правіла выконваецца. Тым ня менш, зьяўляецца нагода, каб правесьці сустрэчу.

Валер Карбалевіч

Лукашэнка прыехаў у Крэмль а 13 гадзіне маскоўскага часу 26 лютага. А прыляцеў ён у расейскую сталіцу напярэдадні — а 18.00 25 лютага. Можна меркаваць, што вечар і палову наступнага дня ён чакаў, разьлічваў на двухбаковую сустрэчу з Пуціным. Інакш незразумела, навошта было прылятаць загадзя, бо калі афіцыйнае мерапрыемства пачалося ў сярэдзіне дня, то можна было спакойна прыляцець у гэты самы дзень.

читайте также

Што азначае вось гэты, так бы мовіць, збой графіку? Магчыма, Пуцін адмыслова трымаў паўзу, чакаў, пакуль «кліент» сасьпее, што сьведчыла б пра пэўнае напружаньне ў двухбаковых адносінах? Ці гэта чыста тэхнічны збой?

Двухбаковая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна адбылася перад паседжаньнем ВДС, яна цягнулася 50 хвілін.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на пасяджэньні абмяркоўваліся дакумэнты пад назвай «Асноўныя кірункі рэалізацыі палажэньняў Дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы на 2024–2026 гады», а таксама распрацоўку праекту аналягічнага дакумэнта на 2027–2029 гг.

Цікава тое, што дамова аб стварэньні Саюзнай дзяржавы падпісаная яшчэ ў далёкім 1999 годзе. А рэалізацыя яе палажэньняў адбываецца толькі цяпер, праз чвэрць стагодзьдзя! Такі палітычны даўгабуд.

Паводле выступу Лукашэнкі на гэты момант, то бок на пачатак трэцяга году трохгадовай праграмы, выканана толькі 40 працэнтаў галіновых мерапрыемстваў (125 з 310). Даўгабуд працягваецца.

Таксама афіцыйна адзначаныя ключавыя пункты парадку дня:

  • арганізацыя трансгранічных прыгарадных пасажырскіх зносін;
  • стварэньне Камітэта па стандартызацыі і якасьці «саюзнай дзяржавы»;
  • узаемная падтрымка ў супрацоўніцтве ў галіне міжнароднага правасудзьдзя;
  • прысуджэньне прэмій «саюзнай дзяржавы» у галіне літаратуры і мастацтва за 2025–2026 гады.

Гэтыя пытаньні — драбяза, не вартая ўвагі лідэраў, тэмы не іх узроўню, тым ня менш яны названая «ключавымі пунктамі» паседжаньня ВДС.

Падчас ВДС Лукашэнка і Пуцін рабілі акцэнт на тэме інтэграцыі Беларусі і Расеі як фактара геапалітычнага супрацьстаяньня Захаду, прычым, найперш у пытаньнях бясьпекі.

Варта зьвярнуць увагу, што напярэдадні паміж Лукашэнкам і Пуціным адбываліся інтэнсіўныя тэлефонныя перамовы. Гэта ўскосна сьведчыць пра тое, што ў двухбаковых адносінах зьявіліся складаныя тэмы.

Трэба згадаць, што напярэдадні паседжаньня ВДС Расея адразу па трох каналах папярэдзіла беларускае кіраўніцтва пра небясьпеку разьвіцьця адносін паміж Беларусьсю і ЗША. Лукашэнка вымушаны быў апраўдвацца. Здаецца, упершыню за апошнія пяць гадоў супярэчнасьці паміж саюзьнікамі выйшлі ў публічную плашчыню.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што пытаньне пра сяброўства Беларусі ў Радзе міру, створанай Дональдам Трампам, можа быць абмеркаванае на ВДС.

Падчас паседжаньня ВДС Пуцін сказаў такі выраз:

«Нашыя падыходы да актуальных пытаньняў міжнароднага парадку дня заўсёды блізкія ці супадаюць».

То бок прэзыдэнт РФ прызнаў, што падыходы Масквы і Менску не заўсёды супадаюць, хоць яны і блізкія.

Падаецца, у гэтага непаразуменьня, якое выйшла на паверхню, ёсьць свае прычыны. Найперш — крызісныя зьявы ў расейскай эканоміцы, якія нэгатыўна адбіваюцца на эканамічным стане Беларусі. І афіцыйны Менск шукае варыянты выйсьця з сытуацыі па-за межамі Расеі.

Таксама набліжэньне замірэньня ва Ўкраіне падштурхоўвае беларускае кіраўніцтва да пошуку свайго месца ў пасьляваеннай сыстэме бясьпекі рэгіёна. Падаецца, апошнія жэсты Кіева адносна Беларусі моцна азадачылі Лукашэнку. Ён да гэтага часу іх не пракамэнтаваў.

Можна меркаваць, што пазыцыі, пляны і намеры Масквы і Менска не зусім сынхронныя. Гэта і выклікала пэўнае напружаньне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)