Филин

Юлія Кот

Кавалкін: «Гэта сёння балоны лятаюць. А могуць паляцець і дроны самалётнага тыпу, і не проста туды, куды вецер дзьме»

Эканаміст Уладзімір Кавалкін у каментары «Филину» разважае пра правакацыі з водарам тытуню і ці спыніць кантрабандныя метэазонды закрыццё мяжы.

Літва можа цалкам і надоўга зачыніць мяжу з Беларуссю — у адказ на ўсё больш частыя выпадкі прылётаў метэазондаў з кантрабандай, праз якія ўжо чатыры разы цягам апошняга тыдня прыпынялася праца аэрапортаў. Прэзідэнт Гітанас Науседа заклікаў разгледзець таксама і абмежаванне транзіту ў Калінінград. Канчатковае рашэнне будзе абвешчана 29 кастрычніка.

Пакуль жа дзейнічаюць наступныя абмежаванні: пункт пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку «Беняконі») зачынены сама меней да серады 29 кастрычніка, праз КПП Мядзінінкай (Каменны Лог) прапускаюць асоб з дыпламатычнымі пашпартамі, грамадзян Літвы, якія вяртаюцца ў краіну, грамадзян краін ЕС з літоўскім ВНЖ і тых, хто едзе транзітам з/у Калінінград.

Але ці дойдзе такі сігнал да тых, хто запускае — і прапускае цераз мяжу — аэрастаты з кантрабанднымі цыгарэтамі — і ці падвысіць паветраную бяспеку закрыццё наземнай мяжы, як той казаў, вялікае пытанне.

Які ў цяперашняй сітуацыі эканамічны складнік і каму даражэй абыдзецца рашэнне аб закрыцці мяжы, Филин абмеркаваў з эканамістам Уладзімірам Кавалкіным.

Лятучыя караблі па-лукашэнкаўску

Кантрабанда тытуню з Беларусі праз Літву пачалася далёка не сёння і не ўчора, гэты «бізнес» цягнецца дзесяцігоддзямі ці, як выразіўся кіраўнік лукашэнкаўскага МЗС, «усё жыццё». Бо надта ж справа выгадная (розніца ў цане пачка цыгарэт у Беларусі і ў Літве дасягае 3—5 разоў).

Толькі сёлета за дзевяць месяцаў літоўскія памежнікі знайшлі і канфіскавалі больш за 3,6 мільёна пачкаў. А колькі не знайшлі? І наколькі значнай і прыбытковай у агульным ценявым абароце можа быць менавіта паветраная кантрабанда?

— Пэўна ацаніць гэтыя аб’ёмы цяжка: паколькі кантрабанда працягваецца, гэта азначае, што не ўсё перахопліваюць і ніхто не ведае, колькі там усяго было, — зазначае Уладзімір Кавалкін.

Уладзімір Кавалкін

Але калі параўноўваць аб’ёмы наземнай і паветранай кантрабанды — апошняй будзе меней, бо складана перапраўляць паветрам шмат кантрабанды з гледзішча вагі. Прасцей схаваць цыгарэты ў фуру ці чыгуначны вагон і правезці іх такім чынам.

Хутчэй за ўсё, фурамі і вагонамі будуць вазіць людзі, блізкія да рэжыму Лукашэнкі, то бок, тыя, хто зарабляе вялікія грошы на гэтым, каго «крышуюць» сілавікі. А вось паветраным шляхам ці звычайнымі аўтамабілямі — больш верагодна, што гаворка пра малыя аб’ёмы і невялікія групоўкі, якія гэтым зарабляюць.

Зрэшты, дадае Уладзімір Кавалкін, тое, што цяпер адбываецца ў Літве — хутчэй, не пра кантрабанду і не пра эканамічныя разлікі, а пра спецыяльную аперацыю з боку КДБ, спробу намацаць нейкія хібы ў абароны Літвы:

— Робяцца такія, што называецца, падпарогавыя захады, каб паглядзець: як Літва будзе адказваць на падобныя правакацыі.

Бо я не магу сабе ўявіць, каб звычайныя кантрабандысты, няхай нават групоўка, кожны вечар адпраўляла такія аб’ёмы — і ані памежнікі, ані КДБшнікі не могуць іх адлавіць. Калі б гэта быў крымінал, яны пасля першага скандалу схаваліся б недзе на месяц і імкнуліся не адсвечваць. А тут бачна, што акцыя нахабная: дзень за днём, у вялікіх памерах — хутчэй за ўсё, гэта санкцыянавана беларускім Памежным камітэтам і КДБ.

«Неэфектыўна падымаць F-16 супраць балонаў, танных кітайскіх дронаў»

— Калі мяжу ўсё ж зачыняць не на некалькі дзён ці гадзін, а на доўгі тэрмін, каму ад гэтага будзе горш, у эканамічным плане? І які кошт такога рашэння для абодвух бакоў у перспектыве?

— Калі глядзець эканамічна, пакуль што гэта не вялікая праблема ані для Беларусі, ані для Літвы. Бо пераход закрылі для людзей, а не для бізнесу. Цягнікі і фуры як хадзілі, так і ходзяць.

Вось калі б закрылі гандаль — гэта прывяло б адразу да рэакцыі, як мы бачылі ў выпадку з Польшчай. Адразу з боку рэжыму Лукашэнкі ўзняўся віскат, спробы неяк дамовіцца, Кітай умяшаўся і г.д.

Пакуль Літва не перакрые гандаль, пропуск фур і чыгуначных саставаў, то чакаць, што рэжым Лукашэнкі пацерпіць страты, не выпадае. Пацерпяць звычайныя беларусы і часткова звычайныя літоўцы, якія туды-сюды ездзілі па сваіх справах.

— А калі літоўскі бок выканае пагрозу прыпыніць транзіт у Калінінград, гэта будзе для беларускіх уладаў больш адчувальна?

— Тут сітуацыя, як у Польшчы была з Кітаем, можа скласціся ў Літвы з Расеяй. Літва можа паспрабаваць старгавацца на нейкіх умовах з РФ, маўляў, мы прыкрыем гандаль і транзіт — і таваразварт будзе падаць, пакуль вы на Лукашэнку не націснеце.

Крамлю спатрэбіцца неяк рэагаваць: альбо націснуць на Лукашэнку насамрэч, альбо нічога не рабіць. І тады гэта будзе значыць, што запуск метэазондаў з тэрыторыі Беларусі ў Літву санкцыянаваны таксама Пуціным.

— Закрыццё мяжы — гэта наогул рашэнне, ці спроба выдаць хоць нейкую рэакцыю на суседа, які трэпле нервы?

— Для рэжыму Лукашэнкі — гэта спосаб знайсці хібы ў абароне суседняй краіны і, магчыма, заявіць пра нейкія свае пажаданні. Цалкам магчыма, што лукашэнкаўскі МЗС хоча аб нечым паразмаўляць з МЗС Літвы, а той не адказвае. Ну, то мы вам зробім вось такое, будзеце вымушаныя рэагаваць.

Не выключаю, што цікавасць ёсць не толькі ў рэжыму Лукашэнкі і правакацыі  здзяйсняюцца разам з расейскімі спецслужбамі. Каб паглядзець, як працуе супрацьпаветраная абарона краін НАТА, як яны могуць адказаць на падпарогавыя акцыі, ці маюць для гэтага сілы і сродкі.

Гэта сёння балоны лятаюць. А могуць паляцець і дроны самалётнага тыпу, і не проста туды, куды вецер дзьме, а над ваеннымі, іншымі стратэгічнымі аб’ектамі. Гэта яшчэ не вайна, не акт агрэсіі — але праверка: што Літва і агулам НАТА можа зрабіць.

І адразу бачныя хібы ў абароне. Бо вайскоўцы рыхтуюцца да зусім іншай вайны. Але неэфектыўна падымаць F-16 супраць балонаў, танных кітайскіх дронаў. Што ты будзеш, з Patriot па іх біць? Дык кожная з ракет каштуе мільён даляраў, а дрон — 500. І колькі ты назбіваеш, калі запусцяць сотню ці дзве-тры?

З боку Літвы цалкам бачная, па-першае, непадрыхтаванасць да такой сітуацыі, і па-другое, несувымернасць захадаў у адказ. Трэба адыгрывацца не на людзях, а на тым, што важна для рэжыму Лукашэнкі. А яму важны транзіт і магчымасць зарабляць.

Думаю, вельмі хутка ў кіраўніцтве Літвы гэта зразумеюць, літаральна заўтра-паслязаўтра абмяркуюць і прыйдуць да высновы, што трэба рабіць штосьці з гандлем, каб вырашыць гэтую праблему.

Пакуль жа палітыкі робяць заявы, з высокіх трыбун выказваюць абурэнне ці там заклапочанасць, але мы бачым, што за гэтымі заявамі мала што робяць. Ну, а калі не можаш адказаць праціўніку — адкажы таму, каму можаш. Вось, можна па звычайных людзях «лупануць», быццам бы ў адказ. Насамрэч ніякай эфектыўнасці ў такім адказе няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)