Кірылюк: «Адбылася прымусовая дэпартацыя, і гэта можа быць дадатковым матэрыялам у Міжнародны крымінальны суд»
Юрыст пракаментаваў «Салідарнасці» прымусовую дэпартацыю палітзняволеных беларусаў.
Палітзняволеныя, якія выйшлі на свабоду 11 верасня, распавялі, што ў часткі з іх перад дэпартацыяй адабралі беларускія пашпарты, а ў Міколы Дзядка і ўвогуле яго парвалі. Цяпер ужо былыя палітвязні знаходзяцца ў Літве без дакументаў.
— Безумоўна, за гэта можа быць крымінальная адказнасць, — кажа ў каментары «Салідарнасці» юрыст Міхаіл Кірылюк. — Напрыклад, па артыкулах «злоўжыванне службовым становішчам», «перавышэнне паўнамоцтваў». У людзей адабралі дакументы, якія сілавікам не належаць, а з'яўляюцца ўласнасцю саміх людзей.
Тут парушаны правы чалавека. У крымінальным кодэксе ёсць від абмежавання, калі чалавеку пасля адбывання злачынства (а палітвязні яго не здзяйснялі) могуць забараніць выезд з краіны на нейкі час.
Але няма такога артыкула, які б забараняў чалавеку ўезд у краіну, калі ён грамадзян гэтай краіны. Ніхто беларускіх палітвязняў грамадзянства не пазбаўляў і не мае права пазбаўляць. Адбылася прымусовая дэпартацыя, і гэта можа быць дадатковым матэрыялам у МУС.
А тое, што адбылося з Міколам Статкевічам — гэта гвалтоўнае выкраданне, таксама артыкул Крымінальнага кодэкса. Бо яго вывезлі невядомыя ў масках — гіпатэтычна, сілавікі.
Людзі, якія апынуліся ў Літве, адзначае юрыст, могуць звяртацца за атрыманнем міжнароднай абароны.
— Гэта адзіны магчымы легальны сродак — паведаміць пра сябе, назваць людзей, якія могуць пацвердзіць іх асобу. Гэта не першы выпадак, калі людзі вымушана перасякалі мяжу без дакументаў. Таксама можна атрымаць літоўскія пасведчанні асобы, часовы від на жыхарства.
Вяртацца ў Беларусь я б не рэкамендаваў. Чалавек мае такое права. Але з боку праўніка я б не рэкамендаваў гэтага рабіць, бо гэта пагроза жыццю і здароўю.
Читайте еще
Избранное