Лявончык: «Ёсць сотні невядомых палітвязняў, якім дапамога патрэбная нават болей, чым вядомым постацям»

Што можна зрабіць для тых, хто не гатовы раскрыць сваё імя, але вельмі мае патрэбу ў дапамозе, распавядае сузаснавальнік фондаў ByHelp і BySol Аляксей Лявончык.

— Беларуская салідарнасць — рэч сапраўдная і даўно давёўшая сваю эфектыўнасць, — адзначае Аляксей Лявончык.

Ён нагадвае, што беларусы за гадзіны сабралі сем тысяч еўра для Наталі Дулінай, якую супраць волі выштурхнулі з краіны, і амаль дваццаць тысяч для пісьменніцы Святланы Курс, каторая змагаецца з цяжкай ступенню рака. Таксам два гады таму талакой удалося адправіць Віталя Тысева на лекаванне ў берлінскі «Шарытэ», каб выправіць яму папсаваны міліцэйскімі дубінкамі хрыбетнік.

— Але гэта вядомыя імёны. Тыя, хто гатовыя выйсці і распавесці сваю гісторыю, — адзначае Лявончык. — А ёсць сотні невядомых.

Гэта палітзняволеныя, якія засталіся ў Беларусі пасля адсідкі. З розных прычын: некаму забаранілі выезд, некага запалохалі, нехта не мае грошаў, нехта не хоча пакідаць радзіму, нехта ўвогуле не звязваўся з праваабаронцамі, бо баяўся і не мае статусу палітвязня. Ёсць і тыя, хто выехаў, але не рызыкуе размаўляць, бо рэжым ужо руцінна пагражае іх сваякам.

У выніку ёсць сотні былых палітвязняў, якія не рызыкуюць звяртацца па дапамогу праз публічныя пляцоўкі. А дапамога ім трэба нават болей, чым вядомым постацям, адзначае сузаснавальнік ByHelp.

Зараз фонд пачынае фармаваць сеткі апекуноў для такіх людзей.

Як гэта працуе?

Калі вы хочаце ўзяць на сябе рэабілітацыю кагосьці з невядомых, то Аляксей Лявончык раіць звязацца з ім праз тэлеграм @eolonir ці сігнал на нумары +44 7939 919877.

Што значыць «узять на сябе рэабілітацыю»?

Гэта азначае аплаціць невядомаму кошт аднаўлення здароўя пасля турмы, цалкам ці часткова, адным разам ці робячы выплату раз на месяц.

— Пасля верыфікацыі мы распавядзем вам, у каго найбольш пільныя праблемы са здароўем, а вы скажаце, што можаце зрабіць, — адзначае Аляксей Лявончык.

Па яго словах, праграма ўжо працуе і толькі за мінулы тыдзень да яе далучыліся пяць апекуноў. В таксама можаце гэта зрабіць, каб дапамагчы тым, хто асабліва мае патрэбу. Салідарнасць — гэта сёння наша галоўная зброя.