Любакова: «Капітал, які назапашваецца зараз, спатрэбіцца, калі з’явіцца шанец на перамены»
Дыскусію пра тое, чым важны досвед Святланы Ціханоўскай, працягвае журналістка, запрошаная супрацоўніца Atlantic Council Ганна Любакова.
Час ад часу сустракаю Святлану Ціханоўскую на канферэнцыях, брыфінгах. Відавочна, што яна здолела выбудаваць моцныя сувязі з заходнімі лідарамі.
Напрыклад, мяне запрашалі на прыём у нарвежскага амбасадара, дзе прысутнічаў кронпрынц Нарвегіі і прадстаўнікі МЗС. Менавіта там Святлана Ціханоўская прапанавала канкрэтныя крокі па стварэнні гуманітарнага фонду дапамогі палітвязням. Я на ўласныя вочы бачыла, як гэтая праца дае рэальныя вынікі.
Магчыма, за амаль пяць гадоў частых візітаў вока прызвычаілася. Але калі глядзець на адвакацыю і палітычную працу з міжнароднымі інстытуцыямі, урадамі і парламентамі як у межах ЕЗ, так і па-за ім, дык дзіўна чуць каментары, што, маўляў, гэтыя візіты не маюць сэнсу або што меркаванні дэмакратычных сілаў ніхто не ўлічвае.
Магчыма, да мяне звяртаюцца іншыя палітыкі ці дыпламаты, бо падчас нашых размоваў яны часта спасылаюцца на пазіцыю Ціханоўскай і яе Офіса.
Інстытуцыяналізаваная супраца з Еўрапарламентам, Радай Еўропы, урадамі Канады, Вялікабрытаніі, ЗША, з такімі арганізацыямі, як Альянс дэмакратый, дарадчымі структурамі ЕЗ, а таксама сталая камунікацыя з ААН, АБСЕ, НАТА, Ватыканам, групамі сяброў Беларусі ў парламентах шэрагу краін – гэта ўжо факт.
Гэта відавочныя вынікі дзейнасці Святланы Ціханоўскай, і важна іх не страціць. Маральны аўтарытэт Святланы Ціханоўскай ўмацоўвае легітымнасць апазіцыі і спрыяе міжнароднай салідарнасці. Яна трымае ў фокусе міжнароднай увагі праблему палітвязняў, дапамагае мабілізаваць рэсурсы і падтрымку.
Гэтыя сувязі – каштоўны рэсурс для будучай Беларусі, для аднаўлення і нармалізацыі адносін з дэмакратычнымі краінамі. Калі Беларусь атрымае шанец на перамены, напрацоўкі і кантакты Ціханоўскай могуць стаць ключавымі.
І што вельмі важна – на міжнароднай арэне будзе прасцей пераадолець пляму дыктатуры і ўдзелу ў вайне, калі ўжо сёння відаць, што ў Беларусі ёсць іншы твар: маральны, чалавечны, альтэрнатыўны рэжыму.
Досвед Святланы Ціханоўскай ключавы для фармавання новай палітычнай культуры. Яна адкрыта прызнае, што не была палітыкам і не мела досведу, але не пабаялася ўзяць адказнасць у крытычны момант, калі многія сумняваліся ў магчымасці пераменаў.
Гэта натхняе і паказвае, што ў палітыку можа прыйсці любы чалавек, калі ён гатовы вучыцца і працаваць, што разбурае стэрэатыпы і дае надзею тым, хто раней не лічыў сябе здольным да ўдзелу ў грамадскім жыцці.
Нават калі сёння камусьці здаецца, што ўсё гэта марна, у Беларусі адбылася легітымізацыя мірнага пратэсту. Людзі змогуць змагацца за свае правы без гвалту, і гэта будзе ўспрымацца як нармальны, годны шлях.
Рух з самага пачатку быў адкрытым і інклюзіўным: у ім няма аднаго цэнтра, аднаго чалавека, які ўсё вырашае. Кожны можа далучыцца, выказацца, уплываць на кірунак, і гэты досвед ужо стаў часткай новай беларускай ідэнтычнасці, якая будуецца на супольнасці і салідарнасці.
Дзякуючы сённяшняй працы, нават у выгнанні і пад ціскам, у беларусаў ідзе падрыхтоўка да пераменаў – гэта жывы, складаны працэс, са спрэчкамі і непаразуменнямі. Важна, што захоўваюцца дэмакратычныя інстытуты, а Ціханоўская істотна спрыяе таму, што яны працуюць разам.
Грамадзянская супольнасць не знікла, а перайшла ў новыя формы: пішуцца і абмяркоўваюцца праекты рэформаў, ладзяцца дыскусіі, і калі ў Беларусі адкрыецца акно магчымасцяў, менавіта гэтыя напрацоўкі, досвед спрэчак, сумеснай працы, уменне слухаць і дамаўляцца стануць асновай для хуткага запуску сапраўднай дэмакратыі.
Гэта капітал, які назапашваецца зараз, і ён спатрэбіцца, калі з’явіцца шанец на перамены. Гэта, вядома, аптымістычны сцэнар.
У выпадку негатыўных сцэнараў маральны аўтарытэт і міжнародныя сувязі дэмакратычнага руху ўсё роўна застануцца ключавымі. Яны дапамогуць захаваць беларускую суб’ектнасць, нацыянальную ідэнтычнасць, міжнароднае разуменне беларускай справы. Яны дазволяць працягваць змаганне за інтарэсы краіны нават у выгнанні, дапамагаць пацярпелым і падтрымліваць надзею на вяртанне незалежнасці, калі да гэтага дойдзе.
Маральны аўтарытэт будзе знакам нязгоды са стратай суверэнітэту і каналам для камунікацыі з міжнароднымі партнёрамі.
Але мне не хапае сістэмнай працы з канкрэтнымі групамі ўнутры краіны. Я кажу не проста пра інфармацыйную прысутнасць у Беларусі, а пра наладжванне кантактаў і ўзаемадзеянне з асобнымі слаямі грамадства – напрыклад, з чыноўнікамі сярэдняга звяна. Важна разумець, чым жыве гэтая група, што для яе істотна, і чаму для яе можа быць важнай дэмакратычная перспектыва.
Гэтак і пра іншыя групы, напрыклад, пра бізнес-супольнасць. Не толькі рэлевантнасць, але і рэальная праца з гэтымі людзьмі будзе мець значэнне для будучыні краіны, бо менавіта іх настроі і гатоўнасць да пераменаў могуць стаць вызначальнымі ў момант транзіту.
Читайте еще
Избранное