Мацкевіч: Перамовы з Лукашэнкам не значаць, што трэба з ім піць на брудэршафт

Філосаф Уладзімір Мацкевіч растлумачыў, чаму апазіцыі давядзецца размаўляць з дыктатарам.

— Калі казаць пра рэжым, то з кім, як не з Лукашэнкам, весці перамовы? Што гэта за лухта, што з ім нельга весці перамовы. Іншага суб’екта ў рэжыму няма, — адзначыў Уладзімір Мацкевіч на канале жизнь-малина. — Канешне, добра весці размовы з аднадумцамі.

Але перамовы — гэта паміж ворагамі. Таму, калі я прапаную перамовы з Лукашэнкам, я не кажу, што трэба з ім садзіцца і піць на брудэршафт. Гэта перамовы з ворагам.

У гэтым сэнсе можна згадаць круглы стол у Польшчы з Ярузельскім. Ён падобны да Лукашэнкі не толькі тым, што меў уладу, але ён меў сілу, мог расстрэльваць, рэпрэсаваць.

Адзін мог, другі можа рабіць столькі, колькі дазваляе маральны стан. Яны падобныя і тым, што і той, і другі апраўдваюць сваю дыктатуру, свой таталітарызм тым, што калі б іх не было, то, як казаў адзін, прыйшоў бы Савецкі Саюз, як у Прагу ў 1968 годзе, а гэты зараз кажа, было б як ва Украіне.

І мы павінны разумець, што перамовы з такімі людзьмі могуць быць прыяльнымі, прагматычнымі толькі тады, калі і мы будзем мець сілу, хоць трохі роўную. Такую, якую яны проста не могуць адкінуць, як камара.

Мацкевіч лічыць, што пакуль у апазіцыі няма раўназначнага лідару.

— Па той бок усё зразумела. А з гэтым бокам трэба разбірацца. Бо ў нас няма персаніфікацыі, няма суб’ектнасці. Так, у нас ёсць Святлана Ціханоўская.

Яна дзесьці загразла паміж сімвалам пратэсту і рэальным лідарам, рэальным кіраўніком палітычным працэсам. І яна павінна гэта зрабіць — яна павінна сама ўсвядоміць, дзе яна знаходзіцца паміж гэтымі палюсамі.

Зараз Лукашэнка можа з ёй не лічыцца. Бо калі яе прымаюць самыя вышэйшыя асобы ў свеце, гэта, канешне, ганарова, але гэта не азначае ўплыву. А ўплыў трэба павялічваць, трэба нарошчваць сілу.

Калі мы не будзем мець сілы, то сапраўды ніякія перамовы немагчымыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)