Навумчык: «Чарку і шкварку», трэба прызнаць, атрымалі. Але цяпер расплачваюцца дзеці і ўнукі»

Былы дэпутат Вярхоўнага савета – да Дня Канстытуцыі.

– Канстытуцыю варта было прымаць, але – без прэзыдэнцтва: патрабавалася яшчэ 5-7 гадоў парлямэнтарызму, станаўленьня грамадзкіх інстытуцый, шматпартыйнасьці, урэшце, парлямэнтарызму, – піша Сяргей Навумчык. – Так, калі хочаце, той самай «гаварыльні» у Авальнай залі, часам вельмі эмацыйнай, часам і з крыкам, — парлямэнтарызму, які так імкнуліся зьнішчыць прыхільнікі «моцнай рукі» і тая частка насельніцтва, якой хапала «чаркі і шкваркі».

«Чарку і шкварку», трэба прызнаць, атрымалі.

Але цяпер расплачваюцца іх дзеці і ўнукі. У Авальнай залі не крычаць — крычаць на Акрэсьціна.

Стэнаграма паседжаньня Вярхоўнага Савета падчас прыняцьця Канстытуцыі захавала нашу спрэчку зь Віктарам Ганчаром. Я назваў «прэзыдэнцкі» варыянт Канстытуцыі «бомбай пад дзяржаву».

«Як можа дэпутат, кажучы пра каштоўнасьць сувэрэнітэту, адначасна называць першую Канстытуцыю дзяржавы «бомбай» пад гэтую дзяржаву?» — абурыўся Ганчар, які дамогся зьніжэньня мінімальнага ўзросту кандыдата ў прэзыдэнты з 40 гадоў да 35 (Лукашэнку было 39, ён бы ня мог балятаваццца).

Зь Віктарам мы ўжо ня высьветлім ісьціну, але Гісторыя пацьвердзіла, хто меў рацыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)