Навумчык: «І тут прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэльт заяўляе: я хачу міру! Дык а хто ня хоча?»

Публіцыст тлумачыць падзеі сёньняшняй вайны з праекцыяй на мінулую.

— Ня кожны мір ёсьць дабром, — піша Сяргей Навумчык. — Давайце спраектуем сёньняшнюю сытуацыю на Другую Сусьветную вайну. Яна пачалася 1 верасьня 1939 году, напад Расеі на Ўкраіну — 22 лютага 2022, тры гады і паўмесяцы таму. Значыць, на календары ў нас — сярэдзіна верасьня 1942 году.

Сяргей Навумчык

Такім чынам:

На Усходнім фронце — Беларусь і Ўкраіна пад акупацыяй цалкам, Ленінград у блакадзе, Гітлер узяў Растоў, Краснадар і ўшчыльную наблізіўся да Каўказу. Ржэўска-Сычоўская апэрацыя Чырвонай арміі, на якую ўскладаліся спадзяваньні, фактычна праваленая. Да контранаступу пад Сталінградам застаецца два месяцы.

На Заходнім фронце, кажучы словамі клясыка, без пераменаў. Эўрапейскія краіны альбо акупаваныя Гітлерам, альбо зьяўляюцца пратэктаратам Трэцяга Рэйху, альбо працуюць у інтарэсах Бэрліну.

На Ціхім акіяне ў чэрвені 1942 ВМФ ЗША нанёс паразу японцам у бітве за Мідуэй, але пра разгром імпэратарскага флёту казаць зарана: амаль адначасна Японія правяла пасьпяховую Алеўцкую апэрацыю. На верасень 1942 можна канстатаваць парытэт.

У Атлянтыцы нямецкія падводныя лодкі топяць караблі, якія дастаўляюць з ЗША зброю саюзьнікам.

У Афрыцы фэльдмаршал Ромэль працягвае атакі ў Алам-Хальфе; да контранаступу генэрала Мантгомеры і прарыву лініі абароны пад Эль-Алапмэйнам застаецца паўтары месяцы.

Сытуацыя зусім няпэўная. Войскі (ды і эканомікі) антыгітлераўскай кааліцыі трымаюцца на дапамозе ЗША — ад самалётаў і зброі да прадуктовых набораў.

Мільёны людзей гінуць — на франтах, у акупацыі, у палоне, у канцлягерах.

І тут прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэльт заяўляе: я хачу міру! Дык а хто ня хоча? — пытаюцца ў яго.— Так, але я хачу яго ў 24 гадзіны! Ну добра, я пагарачыўся, не зусім дакладна ацаніў сытуацыю: хачу міру цягам бліжэйшых тыдняў.

Рузвэльт называе Чэрчыля алкаголікам, тыпам, здольным пэрыядычна ўпадаць у чорную дэпрэсію, крыху імпэрцам, крыху расістам (і такія ацэнкі самай вялікай асобы ХХ стагодзьдзя з гледзішча нормаў 2025 году ня вельмі далёкія ад ісьціны). Ён выстаўляе яго зь Белага дому, спыняе дапамогу Вялікабрытаніі, а потым і СССР.

І заяўляе, што Гітлер — нармальны чалавек. З Гітлерам у яго былі цудоўныя адносіны, і яны дамовяцца. Падпішуць зьдзелку. Харошую зьдзелку!

Рузвэльт сядае за стол перамоваў з Гітлерам, а потым прымушае сесьці Чэрчыля і Сталіна.

Гітлер патрабуе аддаць яму ўсю Францыю, Сталін — усю Беларусь і Ўкраіну, але ў выніку дамаўляюцца разьмежавацца па лініі баявога сутыкненьня. Захопленыя тэрыторыі застаюцца ў захопнікаў.

Крывапраліцьцё на франтах спыняецца, і ў Нобэлеўскага камітэту яшчэ ёсьць час, каб пасьпець ушанаваць намаганьні Рузвэльта Нобэлеўскай прэміі міру за 1942 год.

А ў Гітлера ёсьць час, каб у спакойнай (мірнай!) атмасфэры рэарганізаваць тое, што мы сёньня называем ваенна-прамысловым комплексам, наладзіць — зноў жа ўжыву сучасную фармулёўку — міждзяржаўную эканамічную каапэрацыю, скарыстаўшы больш эфэктыўна магутнасьці заваяваных эўрапейскіх краінаў.

А яны немалыя: магчыма, для кагосьці будзе адкрыцьцём, што на пачатак вайны ваенная прамысловасьць Чэхаславаччыны лічылася больш разьвітай, чым Нямеччыны (апошняя два дзесяцігодзьдзі была пад забаронай па ўмовах Вэрсальскай дамовы).

Тысячы эшэлёнаў дастаўляюць у Трэці Рэйх збожжа з багатых на ўраджай земляў Украіны. Дакладней — былой Украіны.

Ёсьць і асабістыя радасьці: Гітлер нарэшце «канчаткова вырашае» самае балючая для сябе пытаньне — яўрэйскае.

Хаця — не зусім канчаткова.

Адрозна ад вядомага дзеяча, які пааябяцаў будаваць сваю дзяржаву па мадэлі Трэцяга Рэйху (і, трэба аддаць яму належнае, дасягнуў у гэтым відавочных посьпехаў) — мы не пачнем узносіць Гітлера. Але і ідыёта зь яго рабіць ня будзем: ідыёт ня здолеў бы падпарадкаваць сабе ледзь ня ўсю Эўропу.

Як сьведчаць мэмуарысты, Гітлер мог, пры пэўных крытычных абставінах, прыслухацца да меркаваньняў дарадцаў.

Тры гады вайны сяму-таму Гітлера навучылі, і ён прыслухаўся не адпраўляць у газавыя печы некалькі дзясяткаў яўрэяў, якія працавалі над атамным праектам. Зразумела, пад аховай і пільным наглядам.

Як вядома, у рэальнасьці да стварэньня ядзернай зброі Трэцяму Рэйху заставалася няшмат. У нашым, гіпатэтычным варыянце, недзе ў 1948-49 такая зброя ў Гітлера ўжо была б.

А што да сродкаў дастаўкі, дык тут увогуле ніякіх праблемаў. Імя распрацоўшчыка ракеты «Сатурн», якая па праграме «Апалон» вынесла чалавека на Месяц у 1969 — Вэрнэр фон Браўн. Менавіта ён у Трэцім Рэйху зрабіў ФАУ-2 — ракету, прынцып якой потым быў скарыстаны і савецкімі канструктарамі (Р-1, а пазьней Р-7, на якой паляцеў Гагарын).

Зь верасьня 1944 па люты 1945 па Вялікабрытані была запушчана больш як 4 тысячы ФАУ-2, у выніку чаго 2700 чалавек загінулі.

Нарэшце, зьяўляецца хрэстаматыйным фактам, што ў 1944 ФАУ-2 дасягнула вышыні 188 км. Для параўнаньня: арбіта Гагарына была 181 км у пэрыгеі і 327 у апагеі. Палёт амэрыканца Шэпарда (праз тры тыдні пасьля Гагарына) — 186 км у апагеі. Мяжа космасу (лінія Крамэра) — 100 км. З чаго даводзіцца прызнаць, што фармальна Трэці Рэйх (а не СССР ці ЗША) быў першай касьмічнай дзяржавай.

Рузвэльт памёр у красавіку 1945 году, і наўрад ці гіпатэтычны мір, усталяваны ім у 1942 годзе, нашмат працягнуў бы яго жыцьцё.

Затое ягоны нобэлеўскі мэдаль меў бы ўсе шанцы расплавіцца ў якім 1950-м у выніку ядзернай атакі Гітлера на буйнейшыя гарады ЗША.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(83)