Навумчык: Мусяць быць вызваленыя ўсе. І тыя некалькі тысяч, якія палітвязьнямі з тых ці іншых прычынаў не прызнаныя

Палітычны аглядальнік — пра тое, што можа наблізіць Трампа да Нобелеўскай прэміі.

Сяргей Навумчык

— Буду зьдзіўлены, калі неўзабаве Трамп не патэлефануе Лукашэнку — з просьбай вызваліць ляўрэата Нобэлеўскай прэміі. Не сумняюся, што просьба была б задаволеная, — піша Сяргей Навумчык. — Між іншым, калі Трамп сапраўды марыць пра ляўрэацтва — такі крок рэальна мог бы наблізіць яго да цырымоніі ў Осла.

Канешне, вызваленыя павінны быць ня толькі Алесь Бяляцкі, але і Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Кацярына Андрэева, Дзяніс Івашын, Ігар Лосік (называю тых, каго ведаю асабіста — іх чамусьці радзей узгадваюць, чым Марыю Калесьнікаву ды Віктара Бабарыку).

Мусяць быць вызваленыя ўсе. І ня толькі больш чым тысяча палітвязьняў — але і тыя некалькі тысяч, якія палітвязьнямі з тых ці іншых прычынаў не прызнаныя, але пазбаўленыя свабоды па прычыне нязгоды з уладай.

Не зьяўляюся прыхільнікам Трампа і бачу наіўнасьць у спадзеве Белага дому «адарваць Лукашэнку ад Пуціна» (калі такія спадзевы сапраўды існуюць). Не прымаю ганебнае і стратэгічна памылковае адмаўленьне трампаўскай адміністрацыі ад падтрымкі дэмакратычных каштоўнасьцяў у сьвеце і курс на зьнішчэньне канстытуцыялізму ў саміх ЗША.

Але калі такія кантакты (і нават «адно слова», як выказаўся Сяргей Ціханоўскі) паспрыяюць беларусаў выхаду зь няволі, а значыць, і выратаваньню іх жыцьцяў — яны маюць сэнс.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)