Навумчык: «Ніколі яшчэ беларусы не былі пад нагэтулькі рэальнай пагрозай зьнішчэньня як этнас»

Публіцыст — пра наступствы атакі лукашэнкаўскага рэжыму на беларускую мову.

— Калі пагадзіцца з высновай міністра Маркава, што толькі 1% насельніцтва хоча глядзець тэлебачаньне па-беларуску (аднак, трэба ўдакладніць: лукашэнкаўскае тэлебачаньне, ясна ж, у апытаньні ня ўзгадаваўся «Белсат»), дык сам міністар мусіць прызнаць: дзяржаўная палітыка носіць антыбеларускі характар, — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

 

За больш як тры дзесяцігодзьдзі яна паставіла на мяжу вынішчэньня тое, што зьяўляецца падмуркам існаваньня кожнай нацыі.

Ня трэба рытарычнага «Што ж улада робіць, няўжо яна не разумее...?» Цудоўна разумее. Таму і робіць.

Варта нагадаць, што атакі на беларускую мову Лукашэнка пачаў яшчэ ў пачатку 1990-х, між іншым, ня вымавіўшы за чатыры гады свайго дэпутацтва ніводнага беларускага слова. Гэта была не выпадковая, а асэнсаваная пазыцыя, якая пацьвердзілася на выбарах у 1994-м і на ганебным «рэфэрэндуме» ў 1995-м.

У сваёй нянавісьці да беларускай мовы рэжым непахісны. І гэта дае вынікі. За апошняе стагодзьдзе беларусы зьведалі і Курапаты, і нацысцкую акупацыю, і Чарнобыль — але ніколі яшчэ яны не былі пад нагэтулькі рэальнай пагрозай зьнішчэньня як этнас.

Аднак ёсьць і іншае: усё менш тых, хто пытаецца «А какая разница, какой язык?»

Тое, што не цанілася ў першыя гады Незалежнасьці, калі для нацыянальнага росквіту ўдалося дасягнуць спрыяльных умоваў — пачало ўсьведамляцца цяпер, калі ўсё беларускае зьнішчаецца, а сама Незалежнасьць на валаску.

Гэта добра, канешне, такое ўсьведамленьне. Вось толькі каб не было запозна...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)