Навумчык: «Ніякі агент не зрабіў бы для Крамля лепей, чым цяпер робіць Трамп»

Публіцыст Сяргей Навумчык – пра ролю Дональда Трампа ў міжнароднай палітыцы.

– За два месяцы Трампу ўдалося зьнішчыць тое, што напрацоўвалася Амэрыкай больш як восем дзесяцігодзьдзяў, з часоў Другой сусьветнай вайны, калі Рузвэльт уступіў у супрацьстаяньне з Гітлерам, – лічыць Навумчык. – Я маю на ўвазе міжнародны давер.

Давер да ЗША як лідэра свабоднага сьвету ўжо страчаны, і нават калі ўявіць, што гэтая троіца (Трамп, Вэнс і «примкнувший к ним» Маск) нейкім цудадзейным чынам зьнікне, і ў Белы дом прыйдуць адэкватныя людзі — каб давер аднавіць, спатрэбяцца дзесяцігогдзьдзі.

Калі ізаляцыянізм Трампа і вывядзе ЗША на якасна больш высокі эканамічны ўзровень (хаця сумняюся) — Амэрыка ператворыцца ў дваццаць Аўстралій: жыць у Аўстраліі камфортна, але яна не адыгрывае практычна ніякай ролі ў міжнароднай палітыцы.

Зьвядзеньня станоўчага ўплыву ЗША ў сьвеце да нуля — гэта тое, што робіць Трамп пад аплядысмэнты Пуціна. Я ня веру ў вэрсіі вярбоўкі Трампа Лубянкай — але ніякі агент не зрабіў бы для Крамля лепей, чым цяпер робіць Трамп.

Часам чую, што Трамп — адзіны, хто здольны выратаваць Амэрыку. Разумеў такія спадзяваньні на фоне сапраўды правальнай палітыкі ягонага папярэдніка — і ўнутранай, і зьнешняй.

Не стамляюся паўтараць, што цяперашняя сытуацыя з Украінай — вынік нерашучасьці Байдэна ў 2022 годзе, калі Пуціна можна было рэальна спыніць, і больш за тое — запусьціць незваротны працэс распаду Расейскай імпэрыі.

Але памылкі папярэдніка не апраўдваюць цяперашняга ідыятызму. Усё больш падстаў меркаваць, што адзінае, што здольны зрабіць Трамп з Амэрыкай — гэта нізьвергнуць яе ў поўны хаос, дай Бог, каб не ў грамадзянскую вайну.

Так, у Амэрыцы пакуль існуе падзел уладаў, існуе судовая сыстэма, здольная скасаваць адыёзныя рашэньні Трампа — але як доўга яна здолее пратрымацца? З гісторыі мы ведаем, як нават дасканалыя дэмакратычныя сыстэмы абрыналіся за тыдні пад націскам грубай сілы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(25)