Навумчык: «Я не веру ў гуманістычную рэінкарнацыю Лукашэнкі – ні пад уздзеяннем знешніх фактараў, ні ў выніку працэсаў унутры краіны»

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык працягвае дыскусію наконт неабходнасці «перагарнуць старонку».

— Паколькі «Салідарнасьць» ужо пракамэнтавала нядаўняе апытаньне ў маім тэлеграм-канале, зраблю гэта і я, — піша Сяргей Навумчык. — Адразу адзначыўшы, што яно не зьяўляецца ня тое што сацыялягічным апытаньнем, але нават і рэпрэзэнтатыўным выяўленьнем меркаваньня маіх падпісчыкаў (удзельнічала толькі пятая іх частка).

Сяргей Навумчык

Пытаньне гучала гэтак: «Ці лічыце Вы мэтазгоднай самаліквідацыю створаных за мяжой пасьля 2020 г. палітычных цэнтраў узамен на вызваленьне ўсіх палітвязьняў, поўную амністыю і гарантыю бясьпечнага вяртаньня ў Беларусь усіх эмігрантаў, якія б пажадалі вярнуцца?»

Я не ўдакладняў, што канкрэтна маецца на ўвазе пад «палітычнымі цэнтрамі», даўшы магчымасьць разумець пад імі ўсе структуры, якія ў той ці іншай ступені займаюцца палітычнай дзейнасьцю.

Адначасна, пытаньне было адмыслова сфармулявана максымальна экзістэнцыйна да ўсякай палітычнай апазыцыйнай дзейнасьці як такой, бо зразумела, што нават пры яе спыненьні ў замежжы — у самой Беларусі яна немагчымая ўжо цяпер. Большасьць (56%) адказала — «Так».

Ніколі не лічыў, што большасьць (ці ў апытаньнях, ці на выбарах) заўсёды мае рацыю: так атрымалася, што ў сваім палітычным жыцьці мне давялося, пераважна, быць зь меншасьцю. І пазьней пераканацца, што яна, гэтая меншасьць, мела рацыю. Да прыкладу, на выбарах 1994-га большасьць памылілася фатальна.

«Салідарнасьць» напісала, што пазыцыя тых, хто адказаў «Так», укладаецца ў пафас першай часткі артыкула Міколы Бугая ў «Нашай Ніве» — «перагарнуць старонку» (хаця такое ўспрыманьне ўсяго артыкулу было б, на мой погляд, занадта спрошчаным).

Такім чынам, больш за палову ўдзельнікаў апытаньня лічыць, што спыненьне ўсялякай палітычнай апазыцыйнай дзейнасьці — цалкам прымальная плата за вызваленьне ўсіх палітвязьняў і магчымасьць вяртаньня на Радзіму.

Асабіста мне верагоднасьць «перагортваньня», незалежна да стаўленьня да такой прапановы, падаецца нерэальнай. І зусім не таму, што нейкая частка грамадзтва на яе нязгодная.

Нязгодная на яе ўлада — вось у чым прычына. А ўлада сканцэнтраваная ўжо не адно дзесяцігодзьдзе ў адной асобе (якая, у сваю чаргу, залежная ад іншай асобы, у Крамлі).

Перад «выбарамі» у студзені я быў адным з тых нешматлікіх, хто аспрэчваў спадзяваньні на аслабленьні рэпрэсій — наадварот, казаў, што яны ўзмоцняцца.

Гэтак і адбылося: практычна штодня ідзе інфармацыя пра новыя затрыманьні, новыя прысуды і папаўненьне «экстрэмісцкіх» ды падобных сьпісаў; у апошні час істотна ўзмацніўся і ціск на сваякоў як палітвязьняў, гэтак і палітычных актывістаў.

Выкажу прагноз і цяпер: рэпрэсіі будуць павялічвацца, нават калі Лукашэнка і выпусьціць усіх цяперашніх прызнаных прызнаных праваабаронцамі палітвязьняў (а колькі яшчэ не прызнаных?). Іншая справа, што можа быць узятая кароткатэрміновая паўза альбо самі рэпрэсіі зьменяць форму.

Я ня веру ў гуманістычную рэінкарнацыю Лукашэнкі — ні пад узьдзеяньнем зьнешніх фактараў, ні ў выніку працэсаў унутры краіны (пры тым што палітычнае жыцьцё ў Беларусі зьнішчанае ўшчэнт).

Доўгія гады Лукашэнка не адважваўся на «лібэралізацыю», памятаючы, чым скончылася яна для Гарбачова. 2020-ы даў урок ужо асабіста яму. Другі раз ён выпрабоўваць лёс ня будзе. Лукашэнку можна лічыць кім заўгодна, але ня тым, хто дзейнічае на шкоду сабе асабіста. І ўрокі з уласнага досьведу ён, трэба аддаць належнае, засвойвае добра.

Ня трэба нейкіх апытаньняў ці глыбакадумных тэкстаў, каб адчуць сёньняшняе расчараваньне даволі значнай часткі тых, хто быў вымушаны зьехаць у эміграцыю.

Прычынаў расчараваньня шмат, і не апошняя — эйфарыя першых месяцаў (цалкам зразумелая на фоне няспынных пратэстаў), калі здавалася, што рэжым «вось-вось падзе».

У той час мне даводзілася казаць, што трэба заняцца арганізацыяй уладкаваньня жыцьця эмігрантаў, бо гэта можа быць надоўга.

Але ў адказ — і прыватна, і публічна — ад набліжаных да Сьвятланы Ціханоўскай чулася, што галоўная мэта, на якой трэба сканцэнтраваць усе сілы — скінуць Лукашэнку (хаця ўжо ў канцы жніўня 20-га, пасьля адназначнай падтрымкі Пуціным, павінна было быць зразумела, што гэта маларэальна).

Казалася, што «мы ня маем намеру дзесяцігодзьдзямі жыць у эміграцыі, як «старая» дыяспара». А адна паважаная жанчына (не Ціханоўская) выказала папрок, што я «расхалоджваю» людзей сваімі прагнозамі.

Такога імкненьня ў мяне, зразумела, не было — проста я памятаў свае адчуваньні, калі зьяжджаў зь Менску: падавалася, што на пару-тройку тыдняў, максымум на да месяцы. А прыехаў — праз 20 гадоў.

Цяпер, думаю, ужо самім паплечнікам Ціханоўскай відавочна, што спрыяньне беларусам у замежжы — калі не галоўная, дык адна з галоўных мэтаў. Прыгадваю менавіта Ціханоўскую, бо, падабаецца каму альбо не, але менавіта зь яе структурамі найперш кантактуюць улады заходніх краінаў.

Ведаю, што супрацоўнікам Офісу не падабалася, калі год таму я пісаў пра манапалізацыю практычна ўсёй міжнароднай палітычнай дзейнасьці — добра, ужывем іншае вызначэньне: канцэнтрацыя.

Не хачу сьцьвярджаць, што раней Офіс гэтым не займаўся — ведаю хоць бы па прыкладзе Чэхіі, што займаўся. Але цяпер, на маё перакананьне, гэта павінна ісьці другім пытаньнем пасьля вызваленьня палітвязьняў. Пры тым разуменьні, што далёка ня ўсё можа атрымацца, найперш з прычыны працэсаў, якія ідуць і ў ЗША, і ў Эўропе.

Рэжым Лукашэнкі зрабіў усё, каб максымальна абцяжарыць жыцьцё беларусаў у эміграцыі. Бацькі гадамі ня бачаць дзяцей, бабулі ня могуць абняць унукаў, існую безьліч бюракратычных праблемаў — ад пацьверджаньня дыплёмаў да немагчымасьці аформіць даверанасьць ці прадаць кватэру (калі яна ёсьць), каб набыць жытло ў новай краіне.

Нарэшце, сытуацыя пагаршаецца праз рашэньні ўрадаў дзяржаваў, куды былі вымушаныя зьехаць беларусы.

Між тым, існуе два факты, якія не падлягаюць сумневу. Першы — у Беларусі ўсталяваны антыдэмакратычны рэжым, фактычна — дзяржаўны тэрор супраць апанэнтаў улады.

Другі — дэмакратычныя краіны Эўропы, ЗША і Канада падпісалі адпаведныя міжнародныя пагадненьні пра статус палітычных уцекачоў, якія прадугледжваюць (і гарантуюць) вырашэньне тых праблемаў, зь якім цяпер сутыкаюцца беларусы на чужыне. І гэтыя пагадненьні, згодна з міжнародным правам — вышэй за нацыянальнае заканадаўства. І пра абавязак іх выконваць трэба штодзённа нагадваць кіраўнікам гэтых краінаў тым, хто мае да іх доступ.

Гэта, канешне, будзе ставіць прэзыдэнтаў, прэм’ераў і міністраў у сытуацыю дыскамфорту, ну але іншага варыянту няма.

Што ж да алгарытму дзеяньняў у выпадку, калі вымушаная эміграцыя зацягнецца на дзесяцігодзьдзі (а такое цалкам рэальна), дык нічога лепшага за ранейшыя пакаленьні беларускай дыяспары не прыдумаеш.

Ва ўмовах, калі БССР была толькі часткай савецкай імпэрыі, беларуская дыяспара ў заходніх краінах ня толькі абараняла права беларусаў на сваю дзяржаву (гэта была нязьменная палітычная мэта), але і стварала нацыянальныя асяродкі (падобныя немагчыма было стварыць у БССР), выдавала беларускія кнігі (якія немагчыма было надрукаваць у БССР), выпускала газэты (дзе пісалася пра тое, пра што ў БССР пісаць было забаронена).

Беларусы рабілі гэта і іншае, што, магчыма, у параўнаньні з тэктанічнымі палітычнымі зьменамі можа падацца ня вельмі значным і прыкметным, але што вымагала немалых асабістых ды грамадзкіх высілкаў. І што прыдалося, калі надышоў час.