Паліцэйская дзяржава замест сацыяльнай: што стаіць за падаражэньнем камуналкі для «дармаедаў»

Новы раўнд барацьбы з «дармаедамі» наўрад ці прынясе ўладам вялікія эканамічныя дывідэнды. А вось вялікае раздражненьне многіх беларусаў гэтыя новыя захады ўжо выклікалі, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

Новы раўнд барацьбы з «дармаедамі»

Доўгая эпапэя змаганьня ўладаў з «дармаедамі» уступіла ў новы этап.

У Беларусі зьмянілі парадак разьліку за жыльлёва-камунальныя паслугі для «не занятых у эканоміцы» грамадзян, якіх у прапагандзе называюць «дармаедамі». Многія беларусы атрымалі квітанцыі за кастрычнік 2025 году з значна большымі сумамі.

Дагэтуль, калі чалавек, не заняты ў эканоміцы, быў зарэгістраваны ў сваёй кватэры і жыў там не адзін, то павышаныя тарыфы датычылі толькі ягонай долі ў агульным аб’ёме паслугаў.

А з 1 кастрычніка, калі ўласьнік жыльля ўключаны ў сьпіс «не занятых у эканоміцы», то ўсе астатнія жыхары кватэры ці дому плацяць паводле павышаных тарыфаў — нават тыя, хто афіцыйна працуе і плаціць падаткі ў Беларусі.

Таксама не ўладкаваных на працу людзей з дапамогай міліцыі выклікаюць на паседжаньні камісіяў і прыцягваюць да грамадзкай працы. Некаторыя з тых, хто адмовіўся зьявіцца на такія мерапрыемствы, трапілі пад адміністрацыйнае пакараньне.

Гісторыя змаганьня з «дармаедамі»

Ужо больш за дзесяць гадоў улады вядуць упартую барацьбу з «дармаедамі». Прадстаўнікі МУС выступалі з ініцыятывай прыняць заканадаўчы акт, які дазваляе прымусовае працаўладкаваньне. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў 2014 годзе казаў: «Любымі спосабамі, якія мы ведаем і ўмеем рабіць, трэба прымусіць гэтых людзей працаваць!».

Прэзыдэнцкі дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 году прадугледжваў увод падатку за «дармаедзтва», які назвалі «зборам». Лукашэнка тлумачыў, што гэты заканадаўчы акт «не зьяўляецца ні эканамічным, ні фінансавым», «гэта ідэалягічны, маральны дэкрэт», які мае аднавіць сацыяльную справядлівасьць.

Дэкрэт пачалі ажыцьцяўляць у 2017 годзе. Ён закрануў 470 тысяч чалавек.

Пры масавым беспрацоўі ў рэгіёнах дэкрэт ударыў па людзях, якія апынуліся ў бядзе. Атрымалася, што ўлады ня толькі не дапамагаюць беспрацоўным, а яшчэ і прымушаць іх плаціць штраф. Насельніцтва палічыла гэта дзікай несправядлівасьцю, ува ўсёй краіне пачаліся акцыі пратэсту.

У выніку Лукашэнка мусіў прыпыніць дзеяньне дэкрэту. У новым варыянце дэкрэт патрабаваў, каб беспрацоўныя грамадзяне аплочвалі поўны кошт камунальных паслуг без усялякіх ільготаў. Пастанова Савету Міністраў № 465 ад 27 жніўня 2025 году пашырыла гэтую меру на ўсіх жыхароў адпаведнай кватэры.

Хто гэтыя людзі, не занятыя ў эканоміцы?

Чаму пэўная колькасьць людзей «не занятая ў эканоміцы»? Ёсьць тыя, хто вядзе асацыяльны лад жыцьця. Частка беларусаў занятая ў «шэрай эканоміцы», то бок яны працуюць, але нелегальна, ня плацяць падаткі.

Апошнімі гадамі некалькі соцень тысяч беларусаў эмігравалі за мяжу з палітычных і эканамічных прычынаў. Аднак вялізная іх частка зарэгістраваная ў Беларусі і, паводле статыстыкі, яны лічацца не занятымі у беларускай эканоміцы.

У савецкія часы за «дармаедзтва» прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці. Аднак ёсьць вялікае адрозьненьне сёньняшняй сытуацыі ад той, якая існавала ў СССР. Сёньня Беларусь — краіна з рынкавай эканомікай, няхай гэты рынак і існуе зь вялікімі скажэньнямі. А ў рынкавай эканоміцы чалавек можа атрымоўваць даход, не працуючы ў звычайным разуменьні.

Напрыклад, жыць за кошт акцыяў пасьпяховай кампаніі, ці за працэнты ад банкаўскага ўкладу, ці іншым падобным чынам. Калі чалавек плаціць падаткі, то ён нічога не парушае і ніякі ён не «ўтрыманец».

У чым сэнс змаганьня з «дармаедамі»?

Чаго раптам цяпер улады так моцна занепакоіліся гэтай тэмай? Гэта можа тлумачыцца некалькімі чыньнікамі.

Па-першае, пэрманэнтная барацьба з «дармаедзтвам» вынікае з самой унутранай прыроды патэрналісцкай дзяржавы, якая існуе ў Беларусі. Ідэалёгія такой дзяржавы грунтуецца на тым, што ўсе павінны працаваць на карысьць грамадзтва (насамрэч дзяржавы), а ўжо ўлады ад імя народу потым аддзячаць, падзеляць атрыманыя выгоды паміж усімі.

Улада, якая вялікай лыжкай раздае, дзеліць на ўсіх баланду, лічыць, што мае права патрабаваць, каб кожны грамадзянін добрасумленна зарабляў сваю пайку. Хто гэтага ня робіць, той сацыяльны ўтрыманец, чужы элемэнт у патэрналісцкай сыстэме, да якога трэба ўжываць прымус. І сацыяльная дзяржава натуральным чынам ператвараецца ў паліцэйскую дзяржаву.

Да таго ж эвалюцыя палітычнай сыстэмы ў бок таталітарызму заканамерна падводзіць да ўзмацненьня кантролю над грамадзтвам. Напрыклад, зьяўляецца дадатковая падстава перасьледаваць неляяльных грамадзян, бо людзям, якія трапілі ў «чорныя сьпісы» як палітычна нядобранадзейныя, асабліва ў рэгіёнах, немагчыма знайсьці працу.

Па-другое, абвастраюцца эканамічныя праблемы. Каб напоўніць бюджэт, улады імкнуцца атрымаць дадатковыя грошы за кошт росту камунальных тарыфаў для «дармаедаў».

Ці можна такім чынам разьвязаць эканамічныя праблемы?

У краіне зьявіўся дэфіцыт працоўных рук. Масавая эміграцыя з краіны плюс «дэмаграфічная яма» прывялі да таго, што ў некаторых галінах эканомікі і сацыяльнай сфэры шмат незапоўненых вакансіяў. Адзіны і ўнівэрсальны спосаб разьвязаньня усіх праблемаў, які выкарыстоўвае дзейны рэжым, — гэта гвалт, прымус, закручваньне ўсіх гаек. Няма каму працаваць? Давайце павялічым тэрмін адпрацаваньня пасьля заканчэньня навучальнай установы, пачнем караць за «дармаедзтва».

Па-трэцяе, гэта помста рэжыму ўсім, хто зьехаў за мяжу.

Паводле ідэалягічнага канструкту ўладаў, усе, хто выехаў зь Беларусі, — людзі ненадзейныя, неляяльныя, ворагі. Рэжым увесь час імкнецца іх неяк «дастаць», пакараць. Ім немагчыма атрымаць пашпарты за мяжой, дыстанцыйна заключаць эканамічныя і юрыдычныя ўгоды, распараджацца маёмасьцю і інш.

Вось Лукашэнка моцна заклапаціўся, як ня даць ім прыяжджаць у Беларусь лекаваць зубы. Павышэньне камунальных тарыфаў для «дармаедаў» — крок з гэтага шэрагу.

Аднак калі глядзець на гэтыя намаганьні ўладаў з эканамічнага гледзішча, то наўрад ці новы раўнд барацьбы з «дармаедамі» прынясе вялікія дывідэнды. Пакуль існуе цяперашні рэжым, эмігранты ў краіну ня вернуцца. А людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця, наўрад ці можна прымусіць працаваць.

А дзяржаўны апарат заняты працай — пошукам дармаедаў. Імаверна, ягоныя высілкі, выдаткі не акупяцца. А значыць, вялікага сацыяльна-эканамічнага ці палітычнага плёну ўлады не атрымаюць. Калі глядзець на рэакцыю сацыяльных сетак, то гэтыя новыя захады дзяржавы выклікаюць, хутчэй, раздражненьне многіх беларусаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)