Хто ў такім раскладзе пойдзе даглядаць дзіця за 3 гадоў? Той, хто менш зарабляе, каб сям’я менш страціла ў фінансавым плане — найчасцей жанчына. У Беларусі так склалася, і гэта вялікая несправядлівасць, што жанчыны звычайна атрымліваюць менш за мужчын, а мужчыны працуюць на больш высокааплатных працах, часам фізічна цяжэйшых і з горшымі ўмовамі.
«Сакрэт Полішынеля». Як дзяржава расказвае пра сацыяльную падтрымку
А сама эканоміць на сем’ях з дзецьмі. Лідар незалежных прафсаюзаў Максім Пазнякоў распавёў «Салідарнасці» пра сацыяльную справядлівасць па-беларуску і сакрэт Полішынеля, чаму беларускія мужчыны не ідуць у дэкрэт.
Працоўны кодэкс у Беларусі у чарговы раз плануюць змяніць. Карэкціроўкі закрануць не толькі кантрактную сістэму, але таксама пытанні водпускаў. «Салідарнасць» заўважыла ў заявах чыноўнікаў цікавы момант.
Гаворка пра 14-дзённы сацыяльны водпуск для татаў, які можна ўзяць у сувязі з нараджэннем дзіцяці. Такая магчымасць для беларусаў існуе з 2020 года, але ж далёка не ўсе ёй карыстаюцца, бо водпуск гэты, у большасці выпадкаў, за уласны кошт.
У перспектыве ён можа стаць аплочваемым. Але не факт. Паводле прадстаўніцы Мінпрацы і сацабароны РБ Святланы Белаш, дзяржава гатовая ўзяць на сябе выдаткі часткова, яшчэ 50% прапануюць даплочваць наймальнікам, разлічваючы на іх «сацыяльную адказнасць». То бок, працадаўца па-ранейшаму нічога не павінен, спадзеў на яго добрую волю.
«Паглядзім, як гэтая норма пойдзе», — аптымістычна заявіла чыноўніца.
Пакуль жа, нагадаем, толькі каля 1% беларускіх татаў бяруць водпуск па доглядзе за дзіцем, і каля 10%, як падлічылі ў Мінпрацы, карыстаюцца згаданым вышэй кароткатэрміновым «бацькавым тыднем».
«А вы не мерайце ўсіх на адзін капыл»
Беларусы ўжо некалькі месяцаў абмяркоўваюць ідэю ў сацсетках. Некаторыя бацькі прызнаюцца, што наогул не ведалі пра такі сацыяльны водпуск.
Іншым яго дазволілі ўзяць — але без аніякай ахвоты, за кошт работніка або толькі як частку асноўнага працоўнага водпуску. Але ёсць і тыя, у каго такая норма ўжо ўнесена ў калектыўную дамову.
Многія каментатары зазначаюць, што ідэя здаровая, карысная і нават цудоўная, але «не рэалістычная, пакуль разлічваюць на нейкую там адказнасць наймальнікаў, а не прапішуць у законе, што і водпуск абавязковы па жаданні работніка, і аплата — абавязковая, а не як захоча начальнік».
«Наогул не разумею, чаму гэта яшчэ толькі ў планах. Ва ўсім цывілізаваным свеце даўно існуе водпуск для татаў. І так, ён аплочваецца!» — здзіўляюцца аператыўнасці беларускіх уладаў інтэрнет-карыстальнікі.
«У мяне сын ужо вырас і ў першы клас пайшоў, пакуль чыноўнікі абмяркоўвалі, ці патрэбны татам водпуск», — пакпіў адзін бацька, як планы карэлююцца з рэчаіснасцю.
«А мае ўсе ўжо дарослыя. І на жаль, у іхнім маленстве такога наогул не было. Тэарэтычна даваўся выбар тату пайсці ў дэкрэт замест мамы, але, калі прыкінуць розніцу ў заробках, негатыўнае стаўленне кіраўніка і калег, ды і часткі сям’і таксама — выбару насамрэч ніякага не было», — згадваў іншы беларус.
«Нам гэтыя два тыдні насамрэч вельмі дапамаглі: мне адпачыць крыху пасля цяжкіх родаў, мужу — сабраць неабходныя дакументы, шмат чаму навучыцца і не баяцца браць немаўля на рукі. Дачку ён проста абажае — і я ўпэўнена, гэтаму паспрыяла магчымасць пабыць разам, калі яна была зусім маленькая», — дзеліцца асабістым досведам другая беларуска.
«Хацелася б месяц ці нават болей — але лепш два тыдні, чым нічога», — падтрымліваюць яе іншыя каментатары. Некаторыя дадаюць: «А яшчэ лепш, каб не з нараджэння, а месяцаў з шасці — каб мужчыны «прайшлі» і колікі, і зубы, і не пыталіся наіўна, з чаго гэта жонка ў дэкрэце так стамляецца».
Хоць ёсць нямала і тых, хто сумняецца: «Думаеце, нашы мужчыны будуць гэтыя два тыдні дапамагаць, а не адзначаць?» — «А вы не мерайце ўсіх на адзін капыл», — парыруюць прыхільнікі бацькавага водпуску.
Дарэчы, калі гэтая рэформа пачне дзейнічаць — па-ранейшаму невядома.
«Чарговы папулісцкі крок з боку беларускіх уладаў»
«Салідарнасць» абмеркавала сацыяльную справядлівасць па-беларуску з выконваючым абавязкі старшыні Беларускага кангрэса незалежных прафсаюзаў, двойчы татам Максімам Пазняковым.
— Гэта чарговы папулісцкі крок з боку беларускіх уладаў. Насамрэч яны выдатна разумеюць, чаму беларускія мужчыны не ідуць у неаплочваемы двухтыднёвы водпуск. І калі яго напалову будуць аплочваць, амаль не будуць хадзіць. Бо гэта пытанне бюджэту маладой сям’і.
Я тут крыху падлічыў, што адбываецца з заробкамі і з бюджэтам. Уявім звычайную сям’ю, якая чакае дзіця.
У мужчыны выходзіць, калі ён працуе, умоўна, на больш-менш добрым прадпрыемстве, 2 тысячы рублёў (будзем называць рэальныя заробкі). А жанчына, як гэта часцей адбываецца на беларускім рынку працы, занятая ў гандлю, ці адукацыі, ці медыцыне. Скажам, настаўніца, і выходзіла ў яе ў школе 1,3-1,5 тысячы рублёў. То бок, на дваіх бюджэт быў 3,5 тысячы рублёў на месяц.
Дапамога на першага дзіцёнка сёння складае 931 рубель. І ў выніку — сямейны бюджэт складае менш 3000 на месяц, але ўжо на траіх чалавек.
І тут дзяржава прапануе мужчыну ўзяць безаплатны водпуск, каб дапамагчы жонцы. Прабачце, тады бюджэт сям’і будзе меншы за 2 тысячы рублёў. Як на гэтыя грошы пражывуць тры чалавекі, калі толькі на памперсы трэба кшталту 70-80 рублёў штомесяц? То бок, адказ на пытанне, чаму таты не карыстаюцца «бацькавым водпускам», вельмі просты, ён ляжыць на паверхні.
Беларускім уладам вельмі хочацца выглядаць сучаснымі, прагрэсіўнымі, якія клапоцяцца пра сваіх грамадзян. Таму часта гучаць заявы: паглядзіце, якая ў нас сацыяльная падтрымка, які доўгі водпуск па доглядзе за дзіцем, ажно 3 гады!
Так, у еўрапейскіх краінах водпуск значна меншы. Але, напрыклад, у Нямеччыне дапамога на дзіця ў памеры 255 еўра выплочваецца да яго поўнагадовага ўзросту. Дадаткова выплочваецца дапамога на дарослага, які выхоўвае немаўля (цягам году, у некаторых выпадках да двух гадоў). Памер залежыць ад заробка, але не меньш за 300 еўра. Ёсць яшчэ мясцовыя сацыяльныя выплаты.
Такім чынам, зазначае прафсаюзны лідар, наймальнікі не губляюць кваліфікаваных працаўнікоў, стымулююць бацькоў хутчэй вяртацца на рынак працы, бо ёсць развітая сетка ясляў, дзіцячых садкоў, а дзяржава падтрымлівае сем’і з дзецьмі на справе, а не добрым словам.
— Не толькі ў Нямеччыне, шмат у якіх еўрапейскіх краінах існуе падобная падтрымка, — дадае «Салідарнасці» Максім Пазнякоў. — У Беларусі ж як: бюджэт пражытачнага мінімуму, усталяваны ўрадам, на дарослага і на дзіця да 3 год сукупна складае 825 рублёў, а дапамога на маму з дзіцем — 931 рубель. Гэта тыя грошы, на якія можна толькі выжыць, а не жыць нармалёва.
Таму нават з эканамічных прычын беларускі мужчына не ахвяруе яшчэ часткай заробку, каб пайсці ў бацькоўскі водпуск. Не кажучы ўжо аб тым, што наша грамадства пакуль яшчэ не прыйшло да сапраўднай гендарнай роўнасці.
Шмат яшчэ стэрэатыпаў, якія культывуюцца ў тым ліку праз прапаганду «традыцыйных каштоўнасцяў», установак, што жанчына мусіць дома сядзець і баршчы варыць, а мужчына — забяспечваць. І цяперашняя ініцыятыва Мінпрацы, на мой погляд, не будзе азначаць нічога добрага, ніякай сапраўднай падтрымкі для сем’яў.
А вось рэальная падтрымка, перакананы Максім Пазнякоў, значна больш стымулявала б татаў рабіць выбар на карысць сям’і.
— Я ведаю, што такое догляд за малымі дзецьмі — у мяне двойня. Калі дачушкі толькі нарадзіліся, бачыў, як жонцы было цяжка спраўляцца, і дапамагаў, чым мог, браў на сябе начное кармленне, адразу пасля працы падключаўся.
Калі сям’я збудаваная на прынцыпах узаемапавагі — канешне, мужчына мусіць браць на сябе частку абавязкаў і па выхаванні дзяцей. Думаю, маладое пакаленне беларусаў, якое спрабуе пазбаўляцца існуючых стэрэатыпаў, расці іншымі людзьмі, карысталася б такой магчымасцю, як аплочваемы бацькавы водпуск. І з цягам часу ўсё гэта прыйшло б да нармалёвага стану рэчаў.
Справа дзяржавы тут — стварыць спрыяльныя ўмовы. Каб была роўнасць у заробках, і людзі не рабілі «дэкрэтны» выбар толькі з эканамічнага гледзішча.
Каб на практыцы кожны з партнёраў мог узяць аплочваемы водпуск па доглядзе за дзіцем. І калі гэты водпуск быў бы абавязкам — гэта таксама больш выхоўвала б беларускіх мужчын у плане роўнасці правоў, павагі, разумення сваёй адказнасці ў сям’і.
Читайте еще
Избранное