Стамбульскае рэха ў Менску. Як «хістацца разам з генэральнай лініяй», якую праводзяць у Крамлі

У турэцкім Стамбуле адбылася першая спроба перамоваў аб замірэньні ва Ўкраіне. Пазыцыя афіцыйнага Менску адносна гэтага пытаньня няпэўная. Бо Аляксандар Лукашэнка асьцерагаецца сказаць нешта неўпапад з расейскім падыходам. А пазыцыя Расеі да канца не зразумелая, піша Валер Карбалевіч на Свабодзе.

Увага ўсяго сьвету скіраваная на турэцкі Стамбул, дзе ў пятніцу прайшлі перамовы аб замірэньні ва Ўкраіне. Мы назіраем дыпляматычныя хады абодвух бакоў, шмат у чым скіраваныя на атрыманьне сымпатый і падтрымкі сусьветнай супольнасьці і найперш ЗША.

І тут цікава прасачыць, як мяняецца пазыцыя афіцыйнага Менску адносна гэтага пытаньня.

Валер Карбалевіч

Аляксандар Лукашэнка цягам усіх трох гадоў, як пачалася вайна, упарта імкнецца рэінкарнаваць вобраз міратворца, заклікае да міру. Прычым з мірнымі прапановамі ён зьвяртаецца толькі да аднаго боку, да Ўкраіны.

Шмат разоў Аляксандр Лукашэнка заклікаў Уладзіміра Зяленскага спыніць вайну, маўляў на тваёй зямлі ідуць баі, твае грамадзяне гінуць. Больш таго, ён нават прэтэндуе на ролю пасярэдніка ў перамовах аб прымірэньні. І кажа пра гатоўнасьць даслаць міратворчыя сілы ва Ўкраіну.

Нядаўна таксама Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію блогеру Марыё Наўфалю падтрымаў пляны Дональда Трампа завяршыць вайну і заяўляў, што я, маўляў, гатовы стаць побач з прэзыдэнтам ЗША ў гэтай высакароднай справе.

Тут варта зьвярнуць увагу вось на якую акалічнасьць. Масква настойліва падкрэсьлівае, што цяперашнія перамовы — гэта наўпроставы працяг перамоўнага працэсу ў Стамбуле ў 2022 годзе, які спыніўся па прычыне непераадольнага рознагалосься між канфліктуючымі бакамі. І склад расейскай дэлегацыі застаўся амаль той жа, што тры гады таму.

Трэба нагадаць, што першыя тры раунды перамоваў у пачатку вайны адбыліся на беларускай тэрыторыі. І толькі потым перамясьціліся ў турэцкі Стамбул. То бок сымбалічная эстафэта туды перададзена зь Беларусі.

Дарэчы год таму падчас чарговага візыту ў Маскву менавіта Аляксандр Лукашэнка прапанаваў вярнуцца да «Стамбульскіх пагадненьняў». Відавочна, гэта было зроблена з падачы Крамля. Сэнс быў у тым, каб сарваць «Саміт міру», заплянаваны ў Швайцарыі, ініцыятарамі правядзеньня якога былі Ўкраіна і Захад.

І цяпер, калі перамовы маюць пачацца ў Стамбуле, здавалася б, памкненьні і жаданьні Лукашэнкі споўніліся. Тое, да чаго ён так настойліва заклікаў тры гады, нарэшце, рэалізуецца. Можна было б чакаць, што ён пачне піярыцца, казаць, што вось, маўляў, мяне пачулі, я яшчэ раней Трампа казаў пра неабходнасьць замірэньня.

Аднак ніякага трыюмфу з боку афіцыйнага Менска з нагоды перамоваў, ня бачна і ня чутна. Калі падчас візыту ў РФ расейскія журналісты прасілі Лукашэнку пракамэнтаваць тэму магчымага замірэньня, то ягоныя адказы былі блытанымі і супярэчлівымі.

Калі паспрабаваць рэзюмаваць іх, то сэнс прыблізна такі: Украіна разьлічвае, што Расея адмовіцца ад перамір’я, таму «трэба, каб расейцы пагадзіліся», а, увогуле, заходнікам давяраць ня варта.

У падобным тоне была вытрымана заява міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова 15 траўня: «Расея гатова ўсе шанцы выкарыстоўваць, украінскі бок — пакуль мы бачым толькі дэклярацыі нейкія». А тое, як асьвятляюцца дыпляматычныя высілкі па замірэньню ва Ўкраіне дзяржаўныя мэдыі, добра ілюструе назва аднаго з артыкулаў у газэце «Беларусь сегодня»: «Ці сарве кіеўскі рэжым новыя перамовы ў Стамбуле».

А вось беларускі МЗС у той жа дзень выступіў з пазыцыі нэўтралітэту:

«Расея і Ўкраіна — гэта ня проста нашы суседзі, гэта брацкія нам дзяржавы. Беларусь заўсёды пасьлядоўна выступала за адкрыты і прамы дыялёг. Мы перакананыя, што толькі дыпляматычныя перамовы могуць стаць эфэктыўным інструмэнтам пошуку рашэньняў і ўмацаваньня стабільнасьці ў нашым рэгіёне».

Прызнаньне ўкраінскага народа «брацкім» у момант актыўнай падтрымкі расейскай агрэсіі супраць Украіны выглядае трохі дзіўным. Яно ўступае ў пэўны дысананс з заявай Рыжанкова, не кажучы ўжо пра беларускую прапаганду.

І сама гэтая заява прагучала неяк сарамліва, зьявілася толькі ў сацсетцы Х, яе няма на сайце МЗС, на БелТА.

Чаму ж у беларускіх уладаў не адчуваецца радасьці, чаму яны не пачуваюць сябе трыюмфатарамі з нагоды пачатку перамоваў у Стамбуле?

Гэтаму перашкаджае і статус Беларусі як «суагрэсара», які замацаваны ў дакумэнтах міжнародных арганізацый, і невядомасьць, якая чакае ад замірэньня. Рэжым адаптаваўся да вайны, нават змог атрымаць ад яе пэўныя дывідэнды. А што прынясе мір, ніхто ня ведае.

Але самае галоўнае палягае ў тым, што афіцыйны Менск асьцерагаецца сказаць нешта неўпапад з пазыцыяй Расеі. А якая гэта пазыцыя, да канца не зразумела.

Хоць Лукашэнка ўвесь час кажа, што «вось мы з Пуціным тут абмеркавалі», «я добра ведаю ўсю крамлёўскую кухню», аднак насамрэч, гэта далёка не так. Некалькі разоў ён трапляў у няёмкае становішча, памыляўся адносна сапраўднай пазыцыі Расеі.

Як тое было з гісторыяй пра паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, наяўнасьць якіх на расейскай тэрыторыі ён зацята адмаўляў.

Паколькі пазыцыя Масквы адносна стамбульскіх перамоваў няпэўная, то беларускае кіраўніцтва вырашыла, што ня варта бегчы паперад бацькі ў пекла. А трэба «хістацца разам з генэральнай лініяй», якая крэсьліцца ў Крамлі. Як раз у такія моманты і выяўляецца зьнешнепалітычная несамастойнасьць Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(28)