І зараз у кантэксце вайны добра бачна эмпатыя беларусаў. У гэтым жа кантэксце можна гаварыць і пра такую рысу як міралюбства.
Вардамацкі: «Калі рабіць параўнанне паміж беларусамі і расіянамі, то эмпатыя — тая рыса, якая нас існасна адрознівае»
Доктар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі — пра асноўныя нацыянальныя рысы сучасных беларусаў.
— Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць ёсць з таго пункту гледжання, што ёсць асаблівыя рысы беларусаў, якія відавочны, — сцвярджае Андрэй Вардамацкі на Еўрарадыё. — Напрыклад, мы рабілі даследаванні і пыталі, якія рысы характарызуюць беларусаў у адрозненне ад іншых нацый.
І зараз такой рысай у гары ўсяго з'яўляецца эмпатыя. А калі рабіць параўнанне паміж беларусамі і расіянамі, то эмпатыя — тая рыса, якая нас існасна адрознівае.
Адзначу, што любыя рысы носяць кантэкстуальны характар. Гэта значыць, што яны становяцца бачнымі ў тым ці іншым сацыяльным кантэксце.
Ёсць шмат даследаванняў, якія робяцца наконт вайны ва Украіне. І там бачна, што беларусы (80-85%) негатыўна ставяцца да магчымасці ўвода нашых войскаў на тэрыторыю Украіны з мэтай удзелу ў баявых дзеяннях.
І гэта лічба стаіць на месцы, з'яўляецца нейкай канстантай, якую мы назіраем ужо 3,5 года. І вельмі цяжка, практычна немагчыма знайсці другі такі высокі паказчык, такую маналітнасць нацыі, як у гэтай сферы міралюбства.
Навуковец адзначае, што беларусы прадэманстравалі міралюбства і яшчэ ў адным важным гістарычным кантэксце — падчас падзей пяцігадовай даўніны.
Пры такой колькасці людзей, якія выйшлі тады ў Мінску і іншых гарадах на вуліцы, практычна ў любой краіне адбылося бы кровапраліцце. У нас гэтага не адбылося.
– І вось два гэтых кантэксты — вайна ва Украіне і Беларусь-2020 —паказалі відавочна адметныя рысы беларускага нацыянальнага характару, беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці — эмпатыю і міралюбства.
Раней такімі рысамі былі ў нас законапаслухмянасць, працаздольнасць, працавітасць і талерантнасць. Менавіта талерантнасць многія лічылі абсалютнай дамінантай беларускага нацыянальнага характару.
Але ў разным кантэксце гэтая талерантнасць мае розныя формы і змест. У адной сітуацыі — гэта цярплівасць да іншых светапоглядаў, іншых паводзінаў у быце і г.д. Так выяўляецца ў нармальным дэмакратычным соцыўме.
У больш жорсткіх сітуацыях талерантнасць можа трансфармавацца папросту ў канфармізм.
Падкрэслю, усе рысы носяць кантэкстуальна-гістарычны характар і іх змест можа змяняцца ў залежнасці ад сацыяльных і гістарычных абставін, у якіх знаходзіцца краіна.
Читайте еще
Избранное