Вольскі: Выжывуць толькі каханкі

Лявон Вольскі на Budzma.org піша пра тое, як беларусы вымушаныя прыстасоўвацца да жыцця ў «загадкавым замежным грамадзтве».

З галавою ў малавядомы сьвет

Час нашае вымушанае адсутнасьці на радзіме зацягваецца. Нашыя суайчыньнікі, якія думалі, што «эміграцыя — гэта ненадоўга, хутка ўсё скончыцца, і мы вернемся дахаты», былі вымушаныя легалізоўвацца, вучыць мовы, ісьці на вучобу ці то працу і ўсяляк сацыялізавацца ў загадкавым замежным грамадзтве.

У кагосьці атрымліваецца лепей, у кагосьці — горай, гэта залежыць ад натуры, ад здольнасьцяў, ад псыхічнага стану. Хадзіць да псыхатэрапэўта ды піць антыдэпрэсанты — гэта цяпер нармальная справа.

Даводзіцца ахунацца з галавою ў малавядомы сьвет. Нехта (хто можа сабе дазволіць ці то любіць рызыкаваць) пакідае сабе сувязь з радзімай у выглядзе рэгулярных наведваньняў (гэта таксама ня цукар — памежная рулетка, можна прастаяць і содні, і болей), іншым гэтая опцыя недасяжная, і сувязь захоўваецца хіба ў выглядзе допісаў, тэлефанаваньняў і нэрвовага чытаньня навінаў: «Як гэта «інфляцыйны прагноз палепшыўся?». А як жа «эканамічная нетрываласьць беларускай дыктатуры»? А як жа санкцыі? Гэта ўсё, што, сапраўды ня дзейнічае?».

Час ідзе, і ўсе неяк уладкоўваюцца

На тле гэтага ўсяго людзі працуюць, набываюць рэчы, маёмасьць, авалодваюць новымі прафэсіямі ці то пацьвярджаюць сваю беларускую кваліфікацыю.

Некаторыя зьнянацку бачаць, што працаваць на новай радзіме камфортней і ўтульней (і болей зарабляеш). Камусьці (хто, напрыклад, ня лекар і не айцішнік) даводзіцца, наадварот, цяжка рабіць на нейкім складзе, і неабходна ўвесь час лічыць грошы, бо вельмі дарагая арэнда кватэры.

Яшчэ хтосьці (хто пераехаў у Польшчу) загадзя парупіўся пра Карту паляка, бо даўно ўжо меў на ўвазе аварыйны «плян В», і вось званочак празьвінеў, і ты з гэтай картай маеш значна болей выгодаў і розных плюсаў, чымсьці твае суайчыньнікі бяз карты.

А хтосьці бег з адным заплечнікам безь ніякіх «плянаў В» і мусіў усё пачынаць зь нічога, з нуля. Але час ідзе, і ўсе неяк уладкоўваюцца — хто лепей, хто горш, як і заўжды.

Цікавая тэндэнцыя

Вось тут я і заўважыў цікавую тэндэнцыю — людзі пераяжджаюць за мяжу парамі — ён і яна ці то сем’ямі — ён, яна і дзеці, і раптам праз год-два чуеш: гэтая пара распалася, яна яго кінула і сышла да паляка (немца, літоўца, швэда), ці то: сям’я развалілася, яны разышліся, і яна паехала зь дзецьмі дадому, у Беларусь, а ён застаўся працаваць і жыць за мяжой. Чаму так адбываецца?

Яму камфортней у новай краіне, а ёй — невыносна

Наважуся выказаць гіпотэзу. Бывае, што людзі жывуць у звыклай схеме — дом, праца, лецішча, садок, школа — і такая напрацаваная схема захоўваецца гадамі бязь зьменаў.

У кожнай краіне гэтая схема, гэты шаблён — свой, і падобны, і не падобны да іншых краінаў. У Беларусі ён ахінуты непаўторным аўтарытарным флёрам — на працы — строгая герархія, прафсаюзы, калі што, не абароняць, начальнік пакрыквае, але і рабіць так ужо шмат ня трэба, ініцыятыву праяўляць дык наогул не рэкамэндуецца — выконвай сабе загады (здараецца, абсурдовыя) і ня думай асабліва. Бяры крэдыты ды сплачвай своечасова.

На жонцы, звычайна, апроч працы, ляжаць яшчэ і ўсе побытавыя абавязкі — улучна з кантактамі з адміністрацыяй/бацькоўскім камітэтам дзіцячага садку/школы/каледжу, ежа, маршруты выходнага дня...

Кантакты з адміністрацыяй — яны таксама спэцыфічныя, бо адміністрацыя дэманструе табе, што яна на прыступку вышэй і, калі што, калі вашая «ячэйка грамадзтва» ня будзе ўпісвацца ў агульнапрыняты шаблён, дык да вас будуць прынятыя захады. Таму трэба без аніякіх пытаньняў здаць грошы на рамонт, прыйсьці на агульны сход і на 9 траўня ўпрыгожыць дзіцё пілёткай з савецкай зоркай.

Цягам доўгіх гадоў людзі жылі так, прыймалі ўсё гэта, як звычайнае тло для існаваньня (іншага ж ня дадзена), часьцяком ня надта й размаўлялі міжсоб — жывем сабе й жывем, а тут — раптам — удзел у пратэстах (выпадковы, спантанны, зьнянацку абудзілася грамадзянская сьвядомасьць) ці то проста — лайкнуў нешта «ня тое», пракамэнтаваў, ня ведаючы пра наступствы... І ўсё! Трэба бегчы.

І пабеглі. І вось — іншая краіна. А там — усё па-іншаму. І некаму гэтая іншасьць ад пачатку не даспадобы. І жонка гаворыць: «Вось у Менску (Гародні, Наваполацку) крамы працавалі па выходных, і «хуткая» прыяжджала зь любой нагоды, і інтэрнэт-банкінг быў зручнейшы, і ежа была смачнейшая, і чаму гэта я павінная ісьці на працу, калі на радзіме працаваў толькі ты, і на ўсё хапала?».

А ён адказвае: «Таму, што там у нас была свая кватэра, а тут мы арандуем, і арэнда вельмі высокая, аднаго майго заробку не хапае. А ты палову году не выходзіш з дому, дык, можа, паспрабуеш нарэшце выйсьці, падвучыць мову і пайсьці працаваць?».

І вось яна вяртаецца ў РБ, дзе ўсё «проста і знаёма», а ён застаецца на чужыне. І ня толькі таму, што яму небясьпечна вяртацца. Яму сапраўды значна болей падабаецца жыць і працаваць у гэтым новым для яго грамадзтве. Яму там камфортней. А ёй — проста невыносна.

Яна сустракае рамантычнага і трывалага

Ці то яна на працы (у гэтым выпадку яна вывучыла мову і пайшла працаваць) знаёміцца з культурным, выхаваным і мілым ва ўсіх адносінах мужчынам. Ён дэманструе ёй знакі ўвагі і здаецца нашмат лепшым за таго, з кім яна сюды прыехала зь Беларусі.

Бо той... Ён такі будзённы, такі прадказальны. Увесь тыдзень на працы, увечары стомлены, зьнясілены. Робіць усё, каб зрабіцца тут «сваім», а не чалавекам другога гатунку. Вельмі рацыянальны, нават, сквапны, ашчаджае на ўсім — «трэба мець фінансавую падушку бясьпекі». Ніякае рамантыкі!

А той мужчына з працы — і рамантычны, і трывалы, заўжды падтрымае, на яго можна абаперціся. Яму ня трэба прыкладаць тытанічныя намаганьні, каб зрабіцца «сваім» тут. Ён ад пачатку — свой...

Праверка на трываласьць

Ня кожная «ячэйка грамадзтва» вытрымае рэзкія жыцьцёвыя зьмены. Эміграцыя — гэта тая яшчэ праверка на трываласьць. Такая самая, як турма ці вайна.

Вакол усё зьмяняецца, шмат што руйнуецца, зьяўляецца нешта новае, нязвыклае... Паспрабуй вытрымаць гэта ўсё без наступстваў!

Хіба што будзе поўнае ўзаемаразуменьне, сцэмэнтаванае магутным пачуцьцем...

Выжывуць толькі каханкі, як той Джым Джармуш казаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(8)