Общество

Сяргей Навумчык

«Я пішу па-беларуску зь нейкай генэтычнай лёгкасьцю»

Нядаўна ўзяўся перачытаць «вайсковую» прозу Васіля Быкава — некалькі твораў са зборніку, які ў сярэдзіне 80-х трымаў у сваім афіцэрскім планшэце ў лесе пад Лепелем, куды наш дывізіён рэгулярна выводзілі на вучэньні.

Сытуацыя вучэньняў, канешне, далёкая ад баявой, але некаторыя моманты, асабліва датычныя псыхалёгіі вайсковага начальства, як ня дзіўна, супадалі адзін да аднаго. Словам, аповесьці, як сказалі б сёньняшнія маладыя, тады мне «зайшлі».

Істотна было і тое, што зборнік гэты Васіль Уладзіміравіч мне падпісаў, прычым у дзень народзінаў, на 19-годзьдзе. Гэта былі пераклады на расейскую, выдадзеныя ў нейкім абласным цэнтры ледзь не ў Сібіры, і Быкаву яго даслалі ў якасьці аўтарскага экзэмпляру.

Шкада, неўзабаве кніжка зьнікла — хочацца верыць, у сямейнай бібліятэцы нейкага колішняга маіх саслужыўцаў яна захоўваецца. Усё ж, чытаць кнігу, да якой дакранаўся аўтар — асаблівае адчуваньне.

Пасьля войска да тых быкаўскіх аповесьцяў я не вяртаўся, цяпер вось вырашыў прачытаць, але ўжо на мове арыгіналу, па-беларуску.

Пачаў з «Трэцяй ракеты», адной зь першых быкаўскіх аповесьцяў, напісанай у 1961-м,

Адразу ж узьнікла адчуваньне, што чытаю твор упершыню.

І справа была зусім ня ў тым, што прайшло сорак гадоў, і я мог забыцца на сюжэт ды дыялёгі. І ня ў тым, што перачытваючы клясыку, асабліва праз такі доўгі час, мы звычайна бачым тое, што ня здолелі заўважыць ці адчуць раней.

Тэкст выглядаў сапраўды іншым.

Я дастаў з паліцы расейскамоўны пераклад аповесьці і паспрабаваў чытаць паралельна. Потым ўзяў аловак і пачаў адзначаць у абодвух варыянтах несупадзеньні (на беларускім выданьні таксама быў аўтограф Быкава, але, спадзяюся. Васіль Уладзіміравіч мне б гэта дараваў).

Фота: Ўладзіслаў Яндзюк

Аднак ужо праз некалькі абзацаў зразумеў, што калі буду фіксаваць кожнае адрозьненьне, тэкст давядзецца падкрэсьліваць практычна ўвесь, і пазначаў толькі самае, на мой погляд, істотнае.

Такіх пазначэньняў на крыху больш чым 100-старонкавы тэкст — дзясяткі. Да таго ж, агулам ня менш чым дзясятая частка тэксту ў рускамоўным перакладзе — скарочаная. Прычым выкінутыя вельмі важныя фрагмэнты.

Беларускі арыгінал аказаўся значна глыбейшы і больш стылёва і лексычна багаты, чым рускамоўны пераклад.

«Калі я перакладаю — жудасна пакутую»

Часам даводзіцца чуць, што «ваенная» проза Быкава ледзь ня цалкам пазбаўленая якіх-небудзь нацыянальных беларускіх адметнасьцяў, што на месца герояў можна сьмела паставіць расейцаў, і ня будзе ніякай розьніцы, ды і дзеяньне звычайна адбываецца не ў Беларусі.

Папрокі самі па сабе дзіўныя: ня кажучы ўжо пра тое, што баявы шлях Быкава ляжаў не праз Беларусь, кожны пісьменьнік мае поўнае права выбіраць месца дзеяньне. І зусім не геаграфія вызначае каштоўнасьць твора для нацыянальнай літаратуры:  Даніэль Дэфо пасяліў свайго Рабінзона зусім не каля Лёндану, а герой іншага вялікага ангельскага (але яшчэ і ірляндзкага) пісьменьніка Джонатана Свіфта, Гулівэр, увогуле падарожнічае па неіснуючай Ліліпуціі.

Адносна ж мовы варта сказаць, што ўжо ў раньняй быкаўскай прозе ён ужываў словы, якія сьмела можна было б аднесьці да гаворкі, уласьцівай полацка-ушацка-лепельскаму (Барадулін сказаў бы — крывіцкаму) рэгіёну. Нічога дзіўнага: Быкаў на гэтай мове ўзгадаваўся, у дзяцінстве пераважна толькі беларускую мову і чуў, для яго яна была роднай ва ўсіх сэнсах.

Міфам зьяўляецца і тое, што Быкаў нібыта пісаў па-руску, а потым сам перакладаў на беларускую.

Ужо першых свае творы (яшчэ да «Жураўлінага крыку» і «Трэцяй ракеты») ён пісаў па-беларуску. Між іншым, у свой час у гарадзенскай абласной газэце, якая выходзіла на двух мовах, ён працаваў стыльрэдактарам (а фактычна перакладчыкам з расейскай) менавіта ў беларускім выданьні.

Першыя аповесьці Быкава на расейскую перакладалі іншыя, але з канца 60-х Быкаў усё часьцей перакладаў сваю прозу сам.

Пра тое, што прозу сваю ён піша толькі па-беларуску, Быкаў казаў неаднойчы. Але найбольш вычарпальна патлумачыў гэта ў гутарцы з прафэсарам канадыйскага ўнівэрсытэту Ватэрлоо Зінаідай Гімпілевіч, аўтаркай найбольш глыбокай, на маё перакананьне, творчай біяграфіяй пісьменьніка «Васіль Быкаў: кнігі і лёс» (манаграфія выйшла на ангельскай у Манрэалі ў 2005, у 2011 была надрукаваная ў рускамоўным варыянце ў Маскве).

Працытую (у перакладзе на беларускую) словы Быкава: «... Мовай мастацкай літаратуры для мяне заўсёды, зь першага дня была і застаецца сёньня мая родная беларуская мова. Я таксама перакладаю маю прозу на расейскую сам, але не для таго, каб удасканаліць мае веды расейскуай мовы, а проста таму, што ў мяне ніколі не было, ды і цяпер няма прыстойных перакладчыкаў.

... Ведаеце, я пішу па-беларуску зь нейкай генэтычнай лёгкасьцю. Калі я перакладаю (на рускую — С.Н.) — жудасна пакутую; кожны склад, кожнае слова даецца зь цяжкасьцю. Я ніколі ня ўпэўнены на сто адсоткаў, што сказаў менавіта тое, што жадаў.

Нават калі ў мяне падрыхтавана некалькі варыянтаў перакладу і я выбраў зь іх толькі адзін, я ніколі да канца ня ўпэўнены ў гэтым варыянце, і баюся, што сучаснаму рускаму чытачу з добрым літаратурным густам не спадабаецца мой твор менавіта з прычыны мовы».

Ніжэй мы пераканаемся, што да моманту, пакуль Быкаў ня ўзяўся перакладаць сваю прозу сам, у чытача маглі ўзьнікнуць прэтэнзіі ня толькі з прычынаў мовы.

У гутарцы з Гімпілевіч Быкаў сказаў, што «за амаль пяцьдзясят гадоў маёй пісьменьніцкай дзейнасьці толькі два перакладчыка, адзін зь Нямеччыны, другі з Баўгарыі, перакладалі мае творы з беларускага арыгіналу, Усе астатнія, большай часткай, перакладаюць з рускага перакладу».

Сама ж Гімпілевіч у сваёй манаграфіі слушна прыгадвае працу Зоры Кіпель, якая прывяла прыклады няўдалых перакладаў прозы Быкава на ангельскую мову.

«Дасьледчыца даказала, — піша Гімпілевіч, — што асноўная прычына дрэнных перакладаў на ангельскую і іншыя мовы была ў тым, што пераклады рабіліся большай часткай з расейскага перакладу, ужо істотна скажонага савецкай цэнзурай. Гэткім вось чынам і стваралася Быкаву рэпутацыя тыпова савецкага пісьменьніка. А ён, хаця і пражыў большую частку жыцьця ў СССР, тыповым так ніколі і не зрабіўся» (Зинаида Гимпилевич, «Василь Быков: книги и судьба», Новое литературное обозрение, Москва, 2011, с. 96).

Грудзі — толькі для мэдаля

Ну а цяпер — канкрэтныя прыклады таго, у якім выглядзе даходзілі быкаўскія творы да чытачоў ня толькі народаў СССР, але і, як вынікае са словаў самога Быкава і дасьледнікаў, да чытача заходняга (на канец 1980-х проза Быкава, паводле дадзеных Бібліятэкі Кангрэсу ЗША, была перакладзеная на 52 мовы).

«Трэцюю ракету» на рускую пераклаў Міхаіл Гарбачоў (поўны цёзка ініцыятара перабудовы). «Ён вельмі слаўны чалавек, але перакладаў мае працы даволі слаба» – сказаў пра яго Быкаў Зінаідзе Гімпілевіч.

Адразу заўважу,  што ня маю ніякага намеру ўскласьці на перакладчыка адказнасьць за ўсё, пра што будзе ніжэй — тэкст, безумоўна, прайшоў рэдактуру (па-сутнасьці, ідэалягічную цэнзуру).

Тое, што прапусьцілі на беларускай мове, не прайшло на рускай.

Дзеяньне аповесьці, нагадаю, адбываецца ў Румыніі, артылерыйскі разьлік у час бою фактычна трапляе ў атачэньне нямецкіх войскаў, і выжывае толькі галоўны герой аповесьці, ад імя якога вядзецца расповед — Лазьняк.

Калі б нехта вырашыў пажартаваць і сказаў бы, што ў апошнія гады існаваньня БССР ідэалягічная цэнзура настойліва б параіла аўтару зьмяніць прозьвішча галоўнага пэрсанажу, бо надта ўжо яно сугучнае зь імём лідэра БНФ (Лазьняк — Пазьняк), — жарту ў такім прагнозе была б толькі частка.

Бо ў рускамоўным варыянце з аналягічнай прычыны зьмененае прозьвішча камандзіра батальёну. У быкаўскім арыгінале ён — Троцкі (невядома, чаму аўтар гэтак яго назваў, магчыма, сустракаў такога чалавека на дарогах вайны), а ў рускай вэрсіі першую літару зьмянілі — Процкі. Выглядае, рэдактары вырашылі не гнявіць сэктар літаратуры ЦК КПСС і лішні раз нават ускосна не нагадваць пра ўнутрыпартыйнага апанэнта Леніна і тэарэтыка «пэрманэнтнай рэвалюцыі».

Але гэта, напэўна, самая бяскрыўдная замена.

У рускім перакладзе аповесьці выдалена, здаецца, усё, што ставіць пад сумнеў вернасьць «сацыялістычнай Радзіме» у якасьці асноўнай матывацыі змаганьня.

«—... Ты за каго ваюеш?

— Як за каго? За сябе! За каго я павінен ваяваць?

— Мала, відаць, з табой палітзаняткаў праводзілі.

— Палітзаня-я-яткі! — адразу раздражняючыся, кажа хлопец. — На палітзанятках адно, а тут другое. Мы прападзём, а ён ордэн на грудзі прычэпіць ды будзе дзевак ахмурваць. Хіба не так!» — гэтага дыялёгу ў расейскамоўным перакладзе няма.

У фразе «Дзе фрыц? Дзе той недабіты фрыц? Дзе ён?..». — «фрыц» заменены на ідэалягічна выверанае «фашыст».

Паказальна спрошчваньне вобразу Лізы — маладзенькай санінструктаркі, у якую закаханы Лазьняк. Прычым спрошчвавньне ня толькі псыхалягічнае.

Вось беларускі арыгінал:

«... Нам ужо відаць яе твар — успатнелы, змораны, расчырванелы, але такі незвычайна прывабны твар маладой, шчырай і вельмі прыгожай дзяўчыны; трапяткая бліскаўка мэдаля мігаціць на яе невялічкіх грудзях».

А гэтак — у расейскамоўнай вэрсіі:

«Нам теперь видно ее усталое, раскрасневшееся лицо, заметно, как мельтешит, поблескивает на груди ее медалька».

Акрамя таго, што апісаньне істотна скарочана, вырашылі не канцэнтраваць увагу чытача на грудзёх (выдалена «невялічкіх»).

Асьмелюся выказаць здагадку: той, хто гэта зрабіў, кіраваўся не ўласнымі крытэрыямі жаночай зьнешнасьці (што нельга апраўдаць, але можна было б неяк зразумець); мэтай было ўвогуле пазбавіць гераіню якіх бы тое не было полавых прыкметаў.

І ў гэтым кантэксьце «на груди её…» — ня болей чым аналёгія з радкамі вядомай песьні: «... и на груди его светилась медаль за город Будапешт».

Калі ўжо і надзяліў Гасподзь жанчыну грудзьмі, дык толькі —для дзяржаўнай узнагароды.

З узнагародамі ў рускамоўнай вэрсіі ўвогуле бяда. Вышэй я ўжо цытаваў выключаны з рускамоўнага варыянту фрагмэнт, дзе ў словах пэрсанажу гучыць сумнеў у справядлівасьці ўзнагароджаньняў («ордэн на грудзі прышчэпіць»), у іншым месцы істотна скарочаны дыялёг Лазьняка і Люсі, дзе ў беларускім арыгінале дзяўчына кажа: «Іншы перажывае: мэдалём не ўзнагародзілі!».

Гэтая размова (18-ы разьдзел аповесьці) увогуле важная для псыхалёгіі абодвух пэрсанажаў, матывацыі іх учынкаў, але чытач расейскамоўнай вэрсіі пра яе не даведваецца, большая частка яе выдаленая.

У выніку купюраў (дзе — абзац, дзе — сказ, а дзе адно-два словы) па ўсім тэксьце аповесьці вобразы Лазьняка і Люсі, як і іншых пэрсанажаў, спрасьціліся.

Савецкія генэралы баязьліўцамі не бываюць

Прычына скарачэньняў — у імкненьня пазбавіць тэкст выхадаў па-за межы традыцый і стандартаў сацыялістычнага рэалізму, адзінага дапушчальнага ў СССР літаратурнага мэтаду.

Да прыкладу, выдаленыя словы: «У палоне чалавек адразу губляе ўсё, што паначапляла жыцьцё: кубікі, шпалы, ордэны, дыплёмы, білеты. Застаецца адно толькі пры ім — яго душа. Як у Ісуса».

Прыгадваньне Ісуса ўвогуле лічылася крамольным (калі толькі яно было не ў атэістычным кантэксьце). А тут яшчэ ізноў дэвальвацыя («паначапляла») дзяржаўных адзнакаў.

Адсутнічае ў рускамоўным варыянце і такі фрагмэнт: «Вось што можна зрабіць адзін чалавек з нацыяй, якая даверыцца яму. Хаця ня ўсе аднолькавыя. Некаторыя думаюць па-свойму. Напэўна, кожны чалавек — ад прыроды чалавек. Жыцьцё робіць з яго генія або злыдня.

Немцы прадалі Гітлеру свае душы, і ён зрабіў іх злыднямі. Гэта страшна — прадаць аднаму ўсе душы. Апрача ўсяго іншага, гэты адзін стане вампірам. Ён захоча акіяна крыві».

Папярэднічае гэтаму ўзгадка немцаў і канкрэтна Гітлера, і я думаю, што мы б паграшылі супраць ісьціны, калі б прыпісалі Быкаву нават у 1961-м (годзе вынасе Сталіна з Маўзалею) імкненьне правесьці наўпроставую аналёгію з савецкім тыранам.

Быкаў увогуле ў сваіх аповесьцях ня «біў у лоб», захоўваючы мяжу паміж літаратурай і публіцыстыкай. Але зьява абазначаная і, адрозна ад менскіх рэдактараў, маскоўскія вырашылі, што называецца, не даводзіць да граху.

Пасьля фразы «Трусасьць і разьлік на выгаду губяць усіх» словы — «і нашых, і немцаў, і радавых, і генэралаў» — у рускамоўным перакладзе адсутнічаюць: ня варта лішні раз прыгадваць пра баязьлівасьць «нашых» генэралаў.

Асабліва моцна ідэалягічная рэдактура расейскамоўнага перакладу прайшлася 19-м разьдзеле.

Выдалены наступны кавалак: «... і хто вінаваты? Адзін Гітлер? Не, адчуваю я, не адзін Гітлер. Не першы і, пэўна, не апошні імкнецца ён падпарадкаваць сабе іншых, спрадвеку валодае людзьмі ўсясьветная прага ўлады, прага панаваць над іншымі, навязаць іншым свае погляды і свой парадак жыцьця. Хіба гэта першая вайна і хіба апошняя! Вялікая нецярплівасьць пануе ў сьвеце, які здаўна сплывае людзкою крывёй!».

А ў наступным абзацы выразаны сказ, які варта ўключыць у зборнік быкаўскіх афарызмаў: «Ідэі дорага каштуюць, калі іх навязвае кучка».

Выбар паміж жыцьцём і сьмерцю

Праз паўтары дзесяцігодзьдзі пасьля «Трэцяй ракеты» Быкаў увойдзе ў лік найбольш адметных эўрапейскіх пісьменьнікаў, якія дасьледуюць праблему экзістэнцыйнага выбару, выбару на мяжы жыцьця і сьмерці. Але да гэтай тэмы ён падступіўся ўжо ў «Трэцяй ракеце», задумваючыся пра непазьбежнасьць сьмерці як заканамернага фіналу жыцьця.

Пры ўсім тым, што сацрэалізм будаваўся ў тым ліку і на тэме гераізму савецкага чалавека, а ахвяраваньне жыцьцём у імя Радзімы ды ідэалаў камунізму лічылася найважнейшым выхаваўчым элемэнтам, — тэма філасофскага асэнсаваньня сьмерці ў савецкай літаратуры зусім не віталася.

У рускамоўным варыянце выкінуты абзац:

«Усе дробязныя клопаты жывых цяпер выглядаюць нейкімі вельмі нязначнымі і недарэчна марнымі перад бязьмерна магутнаю з’яваю сьмерці. І невядома, чаму нават тут, на вайне, дзе яна як ніколі ўрадлівая, людзі паводзяць сябе, як заўсёды, з усімі ўласьцівымі ім заганамі — сябелюбствам, хцівасьцю, кар’ерызмам, сварлівасьцю. Ці на самай справе яны ўпэўнены ў сваёй даўгавечнасьці, ці мо проста не хочуць зважаць на нешта галоўнае, адзіна важнае і дужа неабходнае ў жыцьці, якое нельга забыць і на хвіліну?».

У наступным абзацы выдаленыя словы «...вечная, нескароная праява жыцьця, якая сьмешна закрывае чалавеку вочы перад непазьбежнасьцю сьмерці», а ў канцы выкрасьлены сказ, які ўзьвялічвае каштоўнасьць чалавечага жыцьця — «А безь яго які сэнс ва ўсіх самых цудоўных у сьвеце рэчах!».

Калі я прачытаў гэты сказ, адчуў, што нешта вельмі блізкае ў Быкава ўжо чуў.

І сапраўды — праз сорак гадоў пасьля «Трэцяй ракеты», 9 траўня 2001, у інтэрвію «Радыё Свабода» Быкаў скажа: «Здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды. Але без свабоды чаго вартая кожная бліскучая перамога кожнага грамадзтва?»...

«Гонар, што я — беларус»

Але рускамоўны варыянт быкаўскай аповесьці адметны ня толькі купюрамі — ёсьць і дапаўненьні.

На самае прыкметнае зь іх зьвярнула ўвагу Зінаіда Гімпілевіч, працытую і я, нагэтулькі яно паказальнае.

Гэта ўстаўка ў рускамоўную вэрсію ў пачатку аповесьці, дзе Лазьняк прыгадвае родныя мясьціны:

«Теперь все изменилось. Теперь в черной тоске молчат деревеньки, пустуют поля, а на западе над борами еще катится голосистое эхо партизанских боев.

Другой, суровой и беспокойной жизнью живет теперь моя Беларусь, непокоренная, героическая, славная многотрудными делами тысяч своих сражающихся и павших сынов. И я всегда ношу в себе молчаливую гордость за них, скромных моих земляков, и знаю, что я в большом неоплатном долгу перед моей землей и моим многострадальным народом.

Но я только солдат, — видимо, час не пробил еще, и я жду, терпеливо и долго».

Гэтыя пафасныя словы ўстаўленыя, а вось якія, сярод іншых, выдаленыя:

«...я заўсёды нашу ў сабе стрыманы, маўклівы гонар, што я — беларус. Я не крыўдую, калі, сказаўшы не так якое расейскае слова, чую ад Задарожнага абразьлівае «трапка», — хай сабе я не скажу гэтак прыгожа, як ён, але ёсьць у мяне свая вартасьць, і ён, як бы ні хацеў, ня можа абразіць мяне».

Ня трэба было чытачам шматнацыянальнага Савецкага Саюза, а ўсьлед за імі і ўсяго сьвету, чытаць пра «гонар, што я — беларус».

... І ўсё ж, Васіль Быкаў быў беларусам — і выяўляў адданасьць сваёй радзіме і роднаму беларускаму слову ад самага пачатку свайго літаратурнага шляху.

Выяўляў усім сваім жыцьцём і ня гледзячы ні на што.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(29)